У мастацтва свой чароўны свет

Што застаўляе чалавека браць у рукі аловак ці пэн­дзлік? Напэўна, жаданне выразіць сябе, разабрацца ў сваім характары, разлажыць па палічках уласныя перажыванні ды пачуцці. Але перанесці свае фантазіі на паперу дадзена далёка не кожнаму. Для гэтага чалавек павінен быць адораны Богам.

У дзіцячай школе мастацтваў №3 горада Барані займаюцца вельмі адораныя дзеці. Некаторыя з выхаванцаў нават адзначаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай мола­дзі. Выстава работ прэзідэнцкіх стыпендыятаў пад назвай “Чароўны свет мастацтва” экспануецца зараз у выставачнай зале музея У. Караткевіча.

У кожнага з выхаванцаў ДШМ № 3 — сваё светаўспрыманне, работы маладых мастакоў цікавыя і розныя. Галоўная мэта экспазіцыі – паказаць шматграннасць творчых манер і стыляў юных талентаў. Работы, прапанаваныя наведвальнікам, перадаюць нацыянальную адметнасць беларускай школы жывапісу, якая выражаецца і ў асобым каларыце, рытмічнай будове карцін, запамінальных вобразах і ў характэрных тэхніках.

У музеі Караткевіча прадстаўлены работы Кацярыны Леўчанковай, Соф’і Івановай, Веранікі Фраловай, Юліі Сінькевіч, Вольгі Леўчанковай, Алены Батуры, Аляксандра Васільева, Настассі Шэпелевай, Андрэя Пацёміна, Ільі Раўбецкага, Вольгі Парых, Аляксея Маліноўскага, Ганны Хмялёвай, Вікторыі Купрэевай.

Немагчыма прайсці і не спыніцца каля работы Алены Батуры “Праз стагоддзі”, выкананай у змешанай тэхніцы. На палатне мастачка адлюстравала Сусвет ХХІ стагоддзя. Абавязкова ўсміхнешся, калі ўбачыш малюнак “Сыты кот”, аўтар – Вікторыя Купрэева. Бацік Кацярыны Леўчанковай “Вясна” дорыць зарад ба­дзёрасці і настройвае на аптымістычны лад. Вольга Парых у рабоце “Легенды нарачанскіх дзеў” звярнулася да фальклорных матываў.

Дзякуючы праекту “Чароўны свет мастацтва” аршанцы і госці города змогуць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю юных дараванняў з ДШМ №3 г. Барані і ацаніць майстэрства мастакоў. Кожны, хто пажадае наведаць выставу, абавязкова атрымае велізарную эстэтычную асалоду.

Марына МАРЫНІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий