Хто ведае цану перамогі

Перамога. За гэтым словам – мільёны людскіх жыццяў. Ведаюць яе кошт тыя, каму пашчасціла выстаяць у пекле Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер яны ветэраны, за іх плячыма мноства кіламетраў вайны.

– Калі прагучала “Перамога!”, – прыгадвае ветэран вайны Іосіф Адольфавіч Трыгубовіч, – большай радасці не было. Мяне тады ў Берліне, разам з іншымі параненымі салдатамі, вынеслі на насілках са шпіталя ў парк, дзе мы і пачулі доўгачаканае – “вайна скончылася”. Плакалі, віншавалі адзін аднаго і разам са слязамі радасці на вачах выступалі слёзы горычы за тых, хто да Перамогі не дайшоў…

Іосіфу Трыгубовічу было чатырнаццаць гадоў, калі пачалася вайна. Жыў ён са сваімі бацькамі ў Оршы па вул. Рэвалюцыйнай. “У гады Вялікай Айчыннай вайны па нашай вуліцы засталося толькі 6 хат, – успамінае ветэран, – тры на адным баку і столькі ж на другім. Астатнія былі спаленыя, толькі печы адны вакол стаялі”. Без слёз пра гэта Іосіф Адольфавіч расказваць не можа. Памятае ён і першыя ваенныя дні, як бамбілі горад. Забралі ваяваць бацьку Адольфа Казіміравіча, якому прыйшлося прайсці праз плен. Маці засталася з чатырма дзецьмі.

У 17-гадовым узросце Іосіф Адольфавіч пайшоў ваяваць. Трапіў у артылерыйскі полк. “Мы адразу прайшлі падрыхтоўку, – расказвае ветэран, – і былі накіраваны на фронт”. За свае баявыя заслугі Іосіф Трыгубовіч мае шмат узнагарод. Кожная з іх нагадвае пра доўгія ваенныя дарогі, цяжкія баі – малады наводчык вывеў са строю не адзін нямецкі танк. У Познані (Польшча) Іосіф Адольфавіч быў ранены ў правае плячо, у выніку чаго ў яго аднялі руку. Тады палічылі, што гэта асколкавае раненне, і толькі праз два гады ў яго гру­дзях знайшлі кулю, якая прайшла праз плячо. Доўгі час яна яго зусім не хвалявала. Пасля шпіталя Іосіф Адольфавіч пайшоў у пяхоту і працягваў ваяваць. Яшчэ адно раненне (у нагу) атрымаў у Берліне.

Пасля заканчэння вайны Іосіф Трыгубовіч вучыўся ў авіяцыйнай школе, служыў у авіяцыі да 1951 года. Потым дэмабілізаваўся і вярнуўся дадому. Больш за 70 гадоў жыццё Іосіфа Адольфавіча звязана з горадам Оршай, а родам ён з-пад Мінска. Працаваць Іосіф Трыгубовіч пачынаў аўтаслесарам на Аршанскім сілікатным заводзе. У пасляваенныя гады гэтаму прадпрыемству надавалі асаблівае значэнне, бо патрэбны былі будаўнічыя матэрыялы, каб падымаць горад з руін. Завод паступова рэканструяваўся, пашыраўся. Іосіф Трыгубовіч скончыў Мінскі аўтамеханічны тэхнікум па абслугоўванні і рамонце аўтамабіляў, затым курсы пры інстытуце народнай гаспадаркі. Працаваў механікам гаража. Пазней займаў пасады начальніка гаража, начальніка вытворчасці, а затым і галоўнага інжынера. Стаж ветэрана налічвае больш за 40 гадоў. І працоўных узнагарод у Іосіфа Трыгубовіча не менш за ваенных. Неаднаразова ён уносіў новыя прапановы па рабоце, за што заўсёды атрымліваў падзякі і прэміі.

У 1953 годзе, скончыўшы хіміка-тэхналагічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута, на сілікатны завод у Оршу па накіраванні прыбыла працаваць маладая дзяўчына Лідзія Гаранская.

Прыгажуня і актывістка, Лідачка адразу запала ў душу Іосіфа Трыгубовіча. Хутка маладыя спецыялісты прадпрыемства адгулялі вяселле. Іосіф Адольфавіч удзячны сваёй жонцы за тыя гады, што яны правялі разам, за дзяцей – Аляксандра і Ігара, якія выраслі годнымі людзьмі, за ўсё тое добрае, з чаго складалася іх сумеснае жыццё. Іосіф Адольфавіч і Лі­дзія Яўгенаўна заўсёды былі прыкладам для ўсіх: і ў сямейным жыцці, і ў працы. Лідзія Гаранская амаль 20 гадоў займала пасаду генеральнага дырэктара ААТ “Оршабудматэрыялы”. За шматгадовую плённую дзейнасць па сацыяльна-эканамічным развіцці горада ўзнагаро­джана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета СССР, медалём ВДНГ, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яна – Ганаровы грамадзянін горада Оршы. Але, на жаль, 12 год назад Лідзія Яўгенаўна пайшла з жыцця. Шматлікія працоўныя ўзнагароды, граматы і падзякі, сямейныя фотаздымкі, а таксама вялізная бібліятэка ў кватэры са шматлікімі тамамі разнастайнай літаратуры, якую Іосіф Адольфавіч і Лідзія Яўгенаўна выпісвалі і збіралі разам, – усё гэта па­мяць аб ёй.

Падчас нашай размовы ўзгад­ваць мінулае, асабліва ваеннае, і зноў усё перажываць ветэрану было вельмі складана. Хоць ужо даўно скончылася вайна, і юнакі-салдаты пасталелі, а мірнае жыццё і любоў блізкіх загаілі былыя раны – усё роўна час ад часу сняцца Іосіфу Адольфавічу салдацкія сны, у якіх – выбухі, пакуты і боль. І, прачнуўшыся, не адразу разумееш, ці гэта проста начны кашмар, ці зноў яна – вайна…

Анжэла ШУРДУКОВА.
Фотаздымак з архіва І. Трыгубовіча.

Добавить комментарий