Орша прыме эстафету маладзёжнай сталіцы Беларусі

Ад Магілёва да Оршы перайшла эстафета маладзёжнай сталіцы. Гэты статус надаецца аднаму з беларускіх гарадоў у чацвёрты раз.

У нашым горадзе 28 лютага ўрачыста адкрыюцца рэспубліканскае свята “Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь-2019” і рэспубліканскі форум “#БеларусьМоладзьБудучыня”. Да ўдзельнікаў мерапрыемства звернецца Міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Да пачатку свята ў гарадскім Цэнтры культуры “Перамога” на выставе-прэзентацыі госці азнаёмяцца з дасягненнямі і дзейнасцю ўстаноў адукацыі Аршанскага раёна, вышэйшых навучальных устаноў вобласці ў сферы маладзёжнай палітыкі, працай Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра. Пра свае праекты раскажуць удзельнікі конкурсу БРСМ “100 ідэй для Беларусі”. Зацікавяць моладзь інтэрактыўная экспазіцыя “Грані творчасці” і прэзентацыя тэлепраекта “Інтэлект казіно 700 IQ”. Арганізаваны стэнд руху WorldSkills International. Гэта міжнародная асацыяцыя імкнецца павысіць стандарты прафесійнай падрыхтоўкі, папулярызуе працоўныя прафесіі праз правядзенне спаборніцтваў па ўсім свеце.

У другой палове дня Ігар Карпенка і моладзь сустрэнуцца ў Лядовай арэне. Пасля ўдзельнікі форуму “#БеларусьМоладзьБудучыня” будуць працаваць на чатырох інтэрактыўных пляцоўках. Насычаную праграму працягнуць канцэрт і танцавальны марафон “#МоладзьВУ” у Лядовай арэне.

Пятнічным ранкам гасцей чакае экскурсія па Оршы. Яна скончыцца на Прывакзальнай плошчы ля помніка Герою Савецкага Саюза К. С. Заслонаву. Тут удзельнікі свята дадуць старт маладзёжнаму праекту “75 мірных гадоў”.

Марына СЯМАШКА.