Масленічныя забавы: як аршанцы вясну сустракалі (+фота)

У нядзелю на Гарадской плошчы і ля Дома культуры чыгуначнікаў аршанцы праважалі зіму. У раёне Масленіцу шырока адсвяткавалі на дзень раней.

На “Масленічных забавах” з галоўнай гарадской сцэны аршанцаў падбадзёрвалі народныя калектывы. Потым самадзейныя артысты ўстаноў культуры прынялі ўдзел у раённым конкурсе прыпевачнікаў і прыпевачніц “Гучыць прыпеўка звонкая”.

Якая Масленіца без пачастункаў?! На гандлёвых радах прадаўцы запрашалі гасцей свята паласаваццца блінамі, падсілкавацца шашлыком, дранікамі. З любоўю накрывалі святочныя сталы і гатавалі традыцыйныя беларускія стравы клубы аматараў народнай кухні пры сельскіх дамах культуры. На забаўляльных і спартыўных пляцоўках аршанцы праверылі, наколькі яны моцныя і вынослівыя. Самыя адважныя паспрабавалі забрацца на ледзяны слуп. Яркай палітрай красак і добрым выбарам падарункаў вабілі рамесныя рады.

Абавязковы масленічны рытуал – сжыганне чучала зімы. Што ж, зіму правадзілі. Але вясна ў нядзелю павяла сябе як капрызная жанчына. У другой палове дня на змену ласкаваму сонейку прыйшлі дождж і мокры снег.

 

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.