Сучаснае мастацтва ад майстроў з Беларусі, Расіі, Арменіі, Малдовы і Балгарыі прадставілі на выставачным праекце “Калегіум”

На дзясятым міжнародным выставачным праекце “Калегіум” у Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі прадстаўлены работы майстроў з Беларусі, Расіі, Арменіі, Малдовы і Балгарыі.

Шматграннасць школ, метадаў, мастацкіх вобразаў – адметнасць “Калегіума”. З першага праекта творы маладых аўтараў суседнічаюць з работамі народных і заслужаных мастакоў. Штогод у нашай мастацкай галерэі прадстаўляюць сваю творчасць смаленскія майстры Валерый Ляшэнка, Генадзь Русецкі, Валерый Грашчанкаў, віцебскі мастак Міхась Цыбульскі, нашы землякі, куратары праекта Мікалай Таранда і Анатоль Жураўлёў і многія іншыя. “Мы заўсёды чакаем гэты форум і рыхтуемся да яго, – зазначыў В. Грашчанкаў. – 65 нашых аўтараў прадставілі жывапіс, графіку, скульптуру. Нам падабаецца, што тут збіраецца дружны калектыў”. Усяго на выставе можно ўбачыць больш за 150 работ.

Сёлета заслужаны мастак Расійскай Федэрацыі Валерый Ляшэнка падрыхтаваў для ўсіх калег падарунак – лінагравюру з выявай будынка калегіума іезуітаў у Оршы. На адкрыцці выставы разам з лінагравюрай мастакі атрымалі сертыфікаты ўдзельніка праекта і падарункі ад музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны.

У мастацтве няма застылых форм – і пастаянныя ўдзельнікі праекта спадзяюцца, што і “Калегіум” з цягам часу памяняе фармат. У першай выставе ўдзельнічалі каля 20 аўтараў. Сёння знаёмства з работамі мастакоў пачынаецца адразу пасля ўваходу ў галерэю і працягваецца ў чатырох залах. “Лейтматыў большасці “Калегіумаў” на юбілейным форуме вытрымліваецца: тут дакладна можна прасачыць традыцыі смаленскай і віцебскай мастацкіх школ жывапісу. Іх аб’ядноўвае адданасць рэалістычнаму метаду, – аналізуе Міхась Цыбульскі. – Бачым і эксперыментальнасць: у віцебскім тэкстылі, абстракцыі. Праект пашыраецца. Лічу, што на “Калегіум” трэба прывозіць новых аўтараў, павінен быць рух. Так, гэта вялікая праца і для куратараў, і для галерэі. “Калегіум” – гэта брэнд мастацкай галерэі. І трэба раскручваць яго далей”.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.