У «Каляровым шляху» адкрыецца выстава мастака Мікалая Таранды

22 сакавіка 2019 года а 16 гадзіне ў галерэі «Каляровы шлях» адкрыецца выстава «Фарбы роднай зямлі». На ёй прадстаўлены работы жывапісца і графіка, сябра Беларускага саюза мастакоў Мікалая Таранды
На сваёй персанальнай выставе Мікалай Іванавіч прадстаўляе рэтраспекцыю, якая складаецца з твораў розных гадоў. Мікалай Таранда пачынаў свой шлях у мастацтве напорыста, імкліва. Ён спяшаўся пагрузіцца цалкам у гэтую бясконца прыцягальную для яго прасторавую бездань мастацтва. Працаздольнасць і настойлівасць мастака ўражвалі яго сяброў-студэнтаў і выкладчыкаў яшчэ падчас вучобы на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава. Менш чым праз тры гады пасля заканчэння інстытута Мікалай Таранда арганізуе сваю першую персанальную выставу. 1970-я гады для Мікалая Таранды — час асаблівага захаплення графічным мастацтвам, перыяд, які ў творчасці мастака працягваўся да пачатку 1990-х гадоў. Ці не першым графічным цыклам твораў у лінагравюры стала «Аршаншчына» (1973-1979). Нягледзячы на захапленне графікай, Мікалай Таранда з самага пачатку творчага шляху быў больш зарыентаваны на жывапіс. У ранніх алейных кампазіцыях манера жывапісу даволі раскаваная, у нейкай ступені нават экспрэсіўная. Але вынаходніцтвам уласнага стылю Мікалай Таранда ніколі не займаўся. Ён проста шукаў адпаведныя сродкі для выражэння сваіх пачуццяў і думак. І заўсёды быў перакананы: «У мастацтве хлусіць нельга».

Фота з архіва «АГ»

Мастак шмат працуе на пленэры, імкнецца захаваць шчырасць і непасрэднасць ва ўспрыманні прыроды, непаўторную прыгажосць імгненняў, абвастрыць і ўзмацніць перажытыя эмоцыі ў сваіх жывапісных палотнах. Гэта шчырая закаханасць мастака ў прыроду, да якой Мікалай Таранда датыкаецца як да вялікай таямніцы, і сёння застаецца надзейнай глебай для развіцця яго творчай індывідуальнасці. Як і рэалістычныя традыцыі, павага да якіх акрэслівае вобразна-стылістычныя асаблівасці яго творчай манеры. Пейзажныя кампазіцыі, партрэты і нацюрморты Мікалая Таранды адразу пазнаюцца гледачом у любой экспазіцыі. У іх своеасаблівая танальнасць каляровай палітры, адметная паэтыка мастацкай прасторы, жывапісная эстэтызацыя натурнага матыву і эмацыйны настрой. І сёння, нягледзячы на складаныя жыццёвыя перыпетыі апошніх гадоў, ледзь не кожны дзень Мікалай Таранда па-ранейшаму шмат творча працуе ў сваёй майстэрні. А яшчэ вандруе, адгукаецца на прапановы паўдзельнічаць у выставах і пленэрах і з вялікай апантанасцю абмяркоўвае праблемы развіцця сучаснага мастацтва. А значыць, па-ранейшаму жыве і дыхае гэтым вольным паветрам — творчасцю…

Міхась Цыбульскі,
кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы.