Магія шоўку

Вясна, ласкавыя промні цёплага сонейка і пралескі, каханне і жыццё… Усё гэта вы зможаце ўбачыць у работах Алы Свірыдзенкі – мінскай мастачкі, якая працуе ў тэхніках бацік і роспіс па шоўку.

Выстава «Прадчуванне» прадстаўлена ў этнаграфічным музеі “Млын”. Гледачу прапанаваны больш за дваццаць вытанчаных работ, якія «дыхаюць» свежасцю і цеплынёй. Вы хочаце пабачыць фантастычных птушак? Яны ажываюць у работах Алы Свірыдзенкі. Закрылася крылом і сніць сон казачная сіняя птушка.

Прыгажуня лебедзь на світанку ахоўвае сваіх пакуль не народжаных дзетак. Цеплынёй сапраўднай вясны сагрэюць жыццярадасныя букеты ірысаў, руж, хрызантэмаў. Пралескі, якія толькі-толькі выглянулі з-пад снегу, клічуць нас за горад. Радуе вока шаўковае палатно з пяшчотнымі цюльпанамі, яны раскрылі свае пялёсткі насустрач святлу. А побач чырванеюць, пераліваюцца рознымі адценнямі на вечаровым восеньскім сонейку спелыя яблыкі. Жывыя краскі, шчодра разлітыя па мяккай тканіне, імпульсіўныя пырскі і павольныя лініі раскажуць наведвальнікам чароўныя займальныя гісторыі. Работы мінскай мастачкі застаўляюць узгадаць пра свае карані, пра традыцыі і вераванні беларусаў. Вясну Ала Свірыдзенка параўноўвае з маладой дзяўчынай. Нібы багіня, яна размалёўвае свет рознакаляровымі кветкамі, зараджае наваколле энергіяй, дорыць жыццёвыя сілы. Менавіта так уяўлялі вясну нашы продкі.

Фальклорныя матывы прысутні­чаюць і ў іншых работах мастачкі: “Нараджэнне” (на здымку), “Месяц, які расце”. Ала Свірыдзенка звяртаецца і да біблейскіх вобразаў Адама і Евы, малюе іх ранкам і ноччу.
Ала Свірыдзенка – член Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў. Для мастачкі, дызайнера, педагога А. Свірыдзенкі бацік – гэта не толькі тэкстыльная тэхніка. Гэта погляд на свет, своеасаблівая філасофія. У 2003 го­дзе беларуска стварыла ў Мінску аб’яднанне “Бацік-клуб”, праводзіць майстар-класы. Наведаць выставу можна да 18 красавіка.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий