Макарый Іваноў атрымліваў па 25 капеек у месяц за кожнага вучня

У канцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў на тэрыторыі Пугляеўскай воласці існавалі навучальныя ўстановы трох тыпаў: школы граматы, царкоўна-прыхадскія школы і земскія народныя вучылішчы. Школы граматы былі амаль у кожнай вёсцы. Вучні займаліся па чарзе ў хатах бацькоў. Паводле “Справаздачы аб царкоўнапрыхадскіх школах Магілёўскай епархіі за 1889-1890 навучальны год”, поспехі навучання ў школах граматы адпавядаюць бліжэй­шаму іх прызначэнню – право­дзіць простую граматнасць у народ. Школы граматы прызначаны падрыхтоўваць глебу для будучых правільна пастаўленых царкоўных школ. Вучні, якія акуратна наведваюць гэтыя школы на працягу двух-трох зім, свядома чытаюць па-руску і па-царкоўна-славянску, ведаюць на памяць агульначытаемыя малітвы, вусна і пісьмова рашаюць задачы на першыя чатыры дзеянні арыфметыкі.

Была такая школа і ў Барздоўцы. Яна адносілася да Браз­дзетчынскага прыходу другой акругі дабрачыннасці Горацкага ўезду. Вучні вучыліся ў хатах бацькоў пачаргова. Настаўнікам быў Макарый Іваноў, які атрымліваў ад бацькоў па 25 капеек ў навучальны месяц за кожнага вучня. Школьнікаў было 10, і ўсе хлопчыкі. Параўноўваючы агульную коль­касць хлопчыкаў і дзяўчынак школьнага ўзросту са складам тых, хто згодна са справаздачай наведвае школы, можна адзначыць наступнае. Сярод вучняў, якія атрымліваць пачатковую адукацыю, хлопчыкі складаюць 1/3, а дзяўчынкі ўсяго толькі 1/28 часткі навучэнцаў. Гэта тлумачыцца тым, што сяляне лічылі залішнім атрыманне граматы для дзяўчынак, і таму мала хто пасылаў іх вучыцца.

Царкоўна-прыхадская школа існавала пры царкве Пятра і Паўла, што ў Браздзетчыне. Супастаўляючы колькасць школ са складам праваслаўнага насельніцтва, бачым, што адна пачатковая школа ў Горацкім уездзе прыходзілася на 579 чалавек. Падручнікамі і дапаможнікамі для вучняў аднакласных царкоўна-прыхадскіх школ з’яўляліся: па рускай мове – “Подвижная славяно-русская азбука”, “Букварь для обучения юношества церковному и гражданскому чтению”, “Русско-славянский словарь” Лубенца, “Русские прописи” Горбача, “Первая пчелка” Поливанова, “Азбука правописания” Тихомирова, “Практическое руководство по русскому языку” Еремко и Волотковского. Акрамя таго, існавалі падручнікі па царкоўна-славянскай мове, па Закону Божаму, па навучэнні царкоўным спевам, па арыфметыцы.

Вось як выглядае праца земскага народнага вучылішча. Па дадзеных “Статыстычнага абследвання народных вучылішчаў Расійскай імперыі паводле перапісу ад 18 студзеня 1911 года”, Макараўскае земскае вучылішча ў вёсцы Макараўка падпарадкоўвалася Дырэкцыі народных вучылішчаў і мела 1 клас, 3 паралельныя аддзяленні і курс навучання ў тры гады. Вучылішча было заснавана ў 1908 годзе. На момант абследвання там вучыліся 22 хлопчыкі і 19 дзяўчынак. Навучальны год працягваўся з 20 кастрычніка па 1 мая. Астатні час дзеці павінны былі дапамагаць бацькам у вядзенні хатняй гаспадаркі і палявых работах пры пасеве і ўборцы ўраджаю. Працягласць заняткаў складала 5 гадзін у дзень і 29 гадзін за тыдзень. Размяшчалася вучылішча ў наёмным доме за плату 190 рублёў у год, мела тры памяшканні: клас, кухню, прыхожую. Класны пакой быў даўжынёй 12 аршынаў, шырынёй – 9 аршынаў з агульнай плошчай 108 квадратных аршынаў. Таксама мелася дзве кватэры для навучэнцаў. У спісе вучняў акрамя прозвішчаў, – іх узрост, клас навучання і адлегласць у вёрстах ад хаты да вучылішча. Навучальная ўстанова налічвала 246 вучэбных тамоў пятнаццаці назваў на суму 61 рубель 45 капеек. Для настаўнікаў было 7 кніг на суму 3 рублі 5 капеек. Меўся таксама “чароўны” ліхтар для дэманстрацыі карцін на сцяне, глобус, 10 насценных геаграфічных картаў, лічыльнікі, разразаная азбука. Ад дзяржавы вучні бясплатна атрымлівалі падручнікі, паперу і прылады. Згодна з загадам Імператара Мікалая ІІ, мясцовым унтэр-афіцэрам запасу ў вучылішчы праводзіліся дадатковыя заняткі па гімнастыцы.

Ёсць звесткі і пра настаўнікаў. Закон Божы выкладаў настаўнік Аляксандр Ерахееў Стульскі ва ўзросце 34 гадоў з дзевяцігадовым вопытам працы, з іх 3 гады ў дадзеным вучылішчы. Урокі праводзіліся тры разы на тыдзень. Гадавы аклад настаўніку быў пакладзены ў памеры 50 рублёў. Усе астатнія дысцыпліны выкладала незамужняя дачка святара, дваранка, 19-гадовая настаўніца Ніна Мікалаеўна Шчэрбава. Яна скончыла Магілёўскую духоўную жаночую семінарыю і мела гадавы аклад у 360 рублёў. У мястэчку Ніна Мікалаеўна мела кватэру, а пры неабходнасці паездкі ў горад Пугляеўскае валасное кіраванне па заяве настаўніцы выдзяляла ёй каня з кучарам.

Каб чытачы змаглі ўявіць сабе грашовую палітыку таго часу, у якасці прыкладу прывяду кошт за тавары натуральнай гаспадаркі, узятыя са “Статыстычнага агляду Магілёўскай губерніі за 1914 год”: рабочы конь каштаваў 86 рублёў, дойная карова – 51 рубель, адкормленая свіння – 48 рублёў, авечка – 5 рублёў 20 капеек, пуд пшаніцы – 90 капеек, фунт мёду – 22 капейкі, яйкі (адзін дзесятак) – 20 капеек. З таго часу мінула шмат гадоў, многае змянілася на нашай зямлі, але нязменным засталося адно – адукацыя, да якой імкнуліся нашы продкі, што марылі пра шчаслівы лёс сваім дзецям, сёння стала неад’емнай часткай жыцця беларускага народа.

В. Пячонкін,
краязнаўца.

2 thoughts on “Макарый Іваноў атрымліваў па 25 капеек у месяц за кожнага вучня

  • 28.03.2013 в 20:35
    Permalink

    Я сам родом из Борздовки. В. Печенкин учился в Борздовской СШ. потом преподавал географию в мою бытность.

  • 11.10.2011 в 06:47
    Permalink

    Интересная статья. Побольше бы таких печатали.

Добавить комментарий