І ажывае дрэва зноў…

У людзей творчых свой погляд на свет. Адны з іх бачаць прыгажосць у валунах і камянях, якія раскіданыя сярод зялёнага газона, другія – у строгасці новабудоўлі са шкла і бетону. Для трэціх прыгажосць – у кожнай галінцы, у непрыкметным карэньчыку ­дрэва.

Прыхільнікі і аматары разьбы па дрэве і карнепластыкі, несумненна, высока ацэняць выставу аршанца Мікалая Крукоўскага “Натхненне” ў музеі С. Шаўрова. Нарадзіўся самадзейны майстар у Оршы, скончыў механіка-тэхналагічны тэхнікум. Працуе аператарам па догля­дзе за жывёлай на СГЦ “Задняпроўскі”.

Разьбяр па дрэве Мікалай Уладзіміравіч Крукоўскі захапіўся гэтым няпростым відам мастацтва даўно. Спачатку займаўся карнепластыкай. Падчас адпачынку ў піянерскім лагеры яго ўразілі работы Уладзіміра Жытнова. З 2002 года Мікалай Уладзіміравіч удзельнічае ў клубе майстроў пры Аршанскім доме рамёстваў. Гэта другая персанальная выстава аршанскага ўмельца. Работы М. Крукоўскага экспанаваліся таксама на “Славянскім базары ў Віцебску” ў 2005 годзе, на фестывалі-кірмашу “Дажынкі-2006”. Разьбяр ахвотна прымае ўдзел у гарадскіх культурна-масавых мерапрыемствах, дае майстар-класы. У 2005 годзе Мікалай Уладзіміравіч стаў лаўрэатам абласной выставы народнага дэкаратыўна-выяўленчага мастацтва “Жывая легенда”, праз два гады – гарадскога агляду-конкурсу “Залатая восень”.

Вырабамі самадзейнага разьбяра можна любавацца вельмі доўга. Непрыглядныя карчагі, невялікія кавалачкі пянька прыгодныя, здаецца, толькі для таго, каб раскласці агонь, у залатых руках майстра Мікалая Крукоўскага ператварыліся ў арыгінальныя фігуркі і казачных персанажаў. Вобразы самадзейны мастак шукае ў літаратуры і ў жыцці, звяртаецца да народных казак і старажытных легендаў. Некаторым работам, прызнаецца Мікалай Уладзіміравіч, прыхо­дзіцца аддаваць шмат часу.

Іншыя ж, як кампазіцыя “Арфей і Эўрыдыка”, ствараюцца на адным дыханні. Перавагу майстар аддае ліпе, бо яна самая мяккая. Галоўнае ў няпростай справе – захаваць цэласнасць кавалка дрэва. Менавіта так можна стварыць завершаную кампазіцыю, якая захавае прыроднае гучанне і дазволіць гараджаніну весці дыялог з прыродай. М. Крукоўскі – мастак рамантычнага тэмпераменту. Дрэва ў яго руках ажывае, прырода становіцца мастацтвам. Драўляныя скульптуры і вырабы ў тэхніцы карнепластыкі здзіўляюць выразнасцю контураў, пластычнасцю, эмацыянальнасцю. Фальклорныя героі, міфалагічныя вобразы, фігуркі жывёл, замалёўкі з жыцця – кожны наведвальнік знойдзе работу па душы.

Карнепластыка і разьба па дрэве – не адзіныя захапленні нашага земляка. На выставе “Натхненне” прадстаўлена некалькі малюнкаў М. Крукоўскага. Раней аршанец збіраў значкі, калекцыю перадаў у музей гісторыі і культуры. Дарэчы, частку работ, прадстаўленых на выставе, Мікалай Уладзіміравіч паабяцаў падарыць музею С. Шаўрова.

Не трэба тлумачыць, якое велізарнае значэнне для людзей раней мела разьбярства. Нашы продкі ўпрыгожвалі хаты драўлянымі вырабамі, усе прадметы побыту таксама былі з дрэва… Старажытныя славяне верылі ў тое, што драўляныя ўзоры маюць магічны сэнс, ахоўваюць хату ад злых духаў. Актуальным гэты від мастацтва застаецца і сёння.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

На здымку: на адкрыцці выставы М. Крукоўскага “Натхненне”.

Добавить комментарий