ГОРАД АСВЕТНІЦКІХ ТРАДЫЦЫЙ

24 мая – Дзень славянскага пісьменства і культуры


У Беларусі свята Дзень славянскага пісьменства і культуры адзначаецца з 1986 года. Дата 24 мая выбрана невыпадкова. У гэты дзень Праваслаўная царква ўспамінае пра Кірылу і Мяфодзія, асветнікаў і прапаведнікаў хрысціянства. Менавіта браты стварылі славянскую азбуку кірыліцу.

Орша мае багатыя традыцыі пісьменства. Горад над Дзвіной ведаюць як радзіму першага беларускага буквара, які выдаў ураджэнец Магілёва Спірыдон Собаль. Беларускі шляхціц Багдан Статкевіч запрасіў яго ў Оршу для працы ў друкарні Куцеінскага манастыра. Трэба адзначыць, дзейнасць Спірыдона Собаля ў нашым горадзе была вельмі плённай. Адна за адной у друкарні выходзяць кнігі: «Псалтыр» (пад назвай «Брашна духоўнае»), «Буквар», «Малітвы паўсядзённыя» (1631), «Часаслоў» (1632). Самай важнай для сябе кнігай асветнік Собаль лічыў «Буквар», які прапагандаваў родную мову і быў галоўным дапаможнікам для тых, хто толькі пачынаў вучыцца. Кнігай для навучання карысталіся не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне, у Расіі, Літве.

Орша – радзіма вядомых пісьменнікаў Уладзіміра Караткевіча, Янкі Сіпакова, Уладзіміра Корбана, Паўла Саковіча і іншых. Недарэмна ў 1998 годзе наш горад быў абраны сталіцай грандыёзнага культурнага свята – Дня беларускага пісьменства.

Падрыхтавала
Марына СЯМАШКА.

Добавить комментарий