Дружная грамада

Саракакватэрнаму дому № 6, што па вуліцы Сямёнава, без малога 40 гадоў. Практычна ўсе яго жыхары ў мінулым работнікі слаўнага прадпрыемства – Аршанскага льнокамбіната, які мае добрыя традыцыі. Жыхары дома не замінулі ўкараніць некаторыя з іх на сваім пастаянным месцы жыхарства.

Перш за ўсё, гэта гаспадарчы клопат аб грамадскай маёмасці: усе чатыры пад’езды ў гэтым доме акуратныя і дагледжаныя, а на невялічкіх участках пад вокнамі сёння шыкоўна цвітуць кусты язміну, шмат аднагадовых і шматгадовых кветак. Нягле­дзячы на пякучае сонца, расліны адчуваюць сябе прывольна: рэгулярныя праполкі і паліў робяць сваю справу. Пад адной з дэкаратыўных раслін пагадзіліся зрабіць здымак для газеты гэтыя прыветныя аршанкі. Дзякуючы іх шчырай працы, а дарослым ва ўсіх іх пачынах ахвотна дапамагае маладое пакаленне, дом вабіць да сябе нейкай асаблівай аўрай, уласцівай толькі агародчыку каля матчынай хаты.

Па словах жыхароў, з 2003 года кааператыўны дом знаходзіцца на абслугоўванні ў домакіраўніцтве № 4. У мінулым годзе камунальнікі зрабілі афарбоўку сцен і столі ў пад’ездах, а сёлета паднавілі цокаль будынка. Жанчынкі вельмі прасілі, каб газета дапамагла вырашыць пытанне з рамонтам асфальтавага пакрыцця каля дома і з устаноўкай лавак. Тыя, што знаходзяцца тут сёння, ужо даўно патрабуюць замены, у свой час іх ладзілі самі жыхары. З гэтай нагоды ў ЖЭУ было накіравана некалькі пісьмаў, толькі вось справа ні па адным пытанні зусім не рухаецца з месца.

Энтузіясты работ па добраўпарадкаванні, старшая па доме Валянціна Рыгораўна Новікава, Марыя Пятроўна Гаеўская, Ларыса Аляксееўна Буракова, Раіса Іванаўна Шакуціна, Тамара Кузьмінічна Котава і Галіна Францаўна Смародзіна разам з іншымі жыхарамі вельмі спадзяюцца, што з дапамогай “АГ” камунальнікі павернуцца тварам да іх дагле­джанага дома.

Ліна ГАТОЎСКАЯ.

Добавить комментарий