“Гэта быў час, які нельга забыць”

27 чэрвеня – Дзень вызвалення Аршаншчыны

Пад такой назвай у бібліятэцы імя Я. Коласа прайшло мерапрыемства, прысвечанае 70-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, для падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Гасцямі сустрэчы сталі выхаванцы ваенна-патрыятычнага гуртка цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства і ўдзельнікі праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба ЮНЭСКА “Русічы” на чале з кіраўніком Рыгорам Шараём (на здымку).

Кожны год 22 чэрвеня вяртае нас у трагічнае мінулае. Без аб’яўлення вайны фашысцкая Германія напала на нашу краіну. Гэта, сапраўды, быў час, які нельга забыць. Супрацоўнікі бібліятэкі расказвалі пра падзеі першых ваенных дзён на тэррыторыі нашай краіны, мужнасць і адвагу беларускага народа, наступальныя аперацыі. Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. У выкананні сябра бібліятэкі Уладзіміра Вараб’я пад гітару на працягу ўсёй сустрэчы гучалі добра знаёмыя ўсім патрыятычныя песні.

Вельмі дорага каштавала чалавеку Перамога, але вайна не закончана, пакуль не пахаваны апошні загінуўшы салдат. Гэтага пункту гледжання прытрымліваюцца ўдзельнікі праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба ЮНЭСКА “Русічы”. Ні адно мерапрыемства ваенна-патрыятычнага напрамку ў горадзе не праходзіць без прадстаўнікоў дадзенага клуба. На працягу пяці гадоў русічы з’яўляюцца лепшымі ў рэспубліцы на злёце праваслаўна-патрыятычнай моладзі Беларусі. Яны праводзяць пошукавыя экспедыцыі на месцах баёў, устанаўліваюць імёны загінушых воінаў, работаюць з архіўнымі матэрыяламі, вядуць перапіску, сустракаюцца з сем’ямі загінуўшых. У іх душы ўжо закладзены патэнцыял абаронцаў Айчыны. Удзельнікі клуба асвойваюць рукапашны бой, прыгаюць з парашутам, хо­дзяць у паходы. Госці мерапрыемства мелі магчымасць бліжей пазнаёміцца з дзейнасцю ваенна-патрыятычнага клуба, перагартаўшы фотаальбомы.

Дзякуючы русічам многія людзі змаглі знайсці сваіх родных. З розных краін прыязжаюць на Аршаншчыну блізкія загінуўшых. Пра іх ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Германіі, Аўстрыі, Латвіі, Сербіі і ва Украіне. Да іх часта звяртаюцца, як да апошняй інстанцыі. І яны дапамагаюць, не шкадуючы свайго вольнага часу. Удзельнікі клуба “Русічы” пішуць старонкі гісторыі нашай краіны. За сваю ўжо звыш 20-гадовую дзейнасць яны змаглі вярнуць з небыцця больш за тысячу імёнаў загінуўшых.

“На франтах Вялікай Айчыннай вайны прапала без вестак амаль 6 млн чалавек. Яны аддалі сваё жыццё за наша мірнае неба. Калі кожны з нас установіць хаця б адно імя, – адзначыў Рыгор Шарай, – значыць, ён недарэмна жыў на гэтай зямлі”.

Выхаванцы ваенна-патрыятычнага гуртка цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства і прадстаўнікі праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба ЮНЭСКА “Русічы” невыпадкова сталі ўдзельнікамі мерапрыемства. У прыгожай форме, з медалямі на грудзях, яны з годнасцю расказвалі пра сваю патрыятычную дзейнасць. Некаторыя з іх прызналіся, што некалі таксама, як і многія дзеці іх узросту, не ведалі, чым заняць свой вольны час, каб правесці яго з карысцю. І, невядома, як склаўся б іх лёс, калі б не прыйшлі ў клуб “Русічы” ці ваенна-патрыятычны гурток.

Кіраўнік клуба “Русічы” Рыгор Сцяпанавіч звярнуўся да падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі: не плысці ў жыцці па цячэнні, а дзейнічаць, зразумець сваё прызначэнне, старацца пакінуць пасля сябе яркі след, жыць не толькі дзеля сябе, а для іншых лю­дзей, для роднай краіны. І калі хто праявіць жаданне заняцца патрыятычнай дзейнасцю, ­удзельнікі клуба “Русічы” будуць рады прыняць іх у свае рады.

“Хочацца верыць, што пасля гэтага мерапрыемства маладыя людзі зусім па-іншаму паглядзяць на свае ўчынкі”, – дадаў інспектар па справах непаўналетніх Дзмітрый Вішнеўскі. Спадзяемся, што так яно і будзе.

Анжэла ШУРДУКОВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий