Рэха вайны

Я, Марыя Браніславаўна Багдановіч, нарадзілася ў кастрычніку 1937 года. Мне было чатыры гады, калі пачалася вайна. З прыходам немцаў на нашу зямлю (а на той час сям’я жыла ў невялічкай вёсачцы Пажэжын каля Дзяржынска Мінскай вобласці) пачаліся нашы пакуты. Праўда, менавіта ў вёсцы немцы не стаялі, але разам з паліцаямі наведваліся часта. Паціху забіралі і жывёлу, і бульбу, і муку – усё, чым можна было пажывіцца. Для жыхароў жа настаў цяжкі час. Есць было нечага. Добра памятаю, як мы ранняй вясной на полі збіралі мёрзлую бульбу. Матуля пякла з гэтай бульбы аладкі, і для нас не было на свеце нічога смачнейшага.

У нашай вёсцы жыў паліцай. Да сённяшняга дня невядома, чаму ён прыдумаў, што наш бацька меў стрэльбу і хаваў яе. Сярод ночы прыйшлі паліцаі, забралі бацьку, забілі і ўкінулі ў балота. Назаўсёды, да самай апошняй хвіліны жыцця буду памятаць, як мы ўцякалі з хаты, як беглі ў лес, які здаваўся мне тады чорным, сядзелі пад дрэвам, калаціліся ад сполаху і плакалі. Колькі сядзелі так – не ведаю. Але ў тую ж ноч, праз цемру, мы пайшлі ў суседнюю вёску за два кіламетры, дзе жыла мая бабуля. Там схаваліся ў склепе. Думалі, што вось-вось прыйдуць за намі. Але ўсё абышлося, і мы засталіся жывымі.

У сваю родную вёсачку мы не вярнуліся. Я засталася жыць у адной бабулі, старэйшая сястра Яня – у другой, меншая сястра Феня – у цёткі, а матулю з маленькім брацікам Эдзікам узяў да сябе дзя­дзька. Пазней маці пераехала ў Дзяржынск і пачала працаваць санітаркай у шпіталі. Цяжкім, халодным і галодным было наша дзяцінства. Мы рана пасталелі і пасля вайны пайшлі працаваць разам з дарослымі.

Памятаю, як жалі жыта сярпамі побач з жанчынкамі (камбайнаў тады і ў паміне не было), вязалі снапы, грузілі іх на падводы. А канямі спрытна ўпраўлялі хлопчыкі-падлеткі. Мы капалі бульбу, пасвілі калгасных цялят, авечак. Ужо пазней у калгасе з’явілася малатарня. Там мы, дзеці, падавалі снапы наверх. Летам збіралі суніцы, чарніцы і насілі іх за пяць кіламетраў у вялікае сяло Негарэлае, дзе былі лесапілка, пякарня, вялікая крама, лякарня, а галоўнае – там была чыгуначная станцыя, дзе мы прадавалі свае ягады. За выручаныя грошы набывалі для школы падручнікі, сшыткі, вопратку. Адно лета я працавала ў Негарэлым нянькай у жанчыны-доктара, даглядала яе маленькую дачушку.

Гаспадыня была вельмі добрай: карміла мяне, давала грошы, нават купіла сукенку, кофту і нагавіцы. Колькі тады ў мяне было радасці! Здавалася, я была самай шчаслівай на свеце.

Па суботах я хадзіла на выхадныя да бабулі ў другую вёску. Добра, калі трапляліся спадарожнікі. Але больш за ўсё мне прыходзілася хадзіць туды адной. І яно б нічога, калі б два кіламетры шляху не пралягала праз лес. Гэты адрэзак я літаральна “пралятала”, не адчуваючы пад сабой ног: было вельмі боязна. У панядзелак я зноў вярталася назад на працу, але ўжо не адна, а з людзьмі, якія крочылі хто на працу, хто да цягніка. Вось так праходзіла маё дзяцінства. Дарэчы, толькі мне адной з чатырох удалося вывучыцца на настаўніцу пачатковых класаў.

Пасля вайны многія нам раілі дабівацца прысуду для забойцы-паліцая, які асіраціў нас. Ён застаўся жывы і жыў у нашай вёсачцы да глыбокай старасці. Але што мы маглі? На той час мы былі малыя і мала што разумелі. Да таго ж, усе нашы родныя былі не зласлівыя. Праз шмат гадоў, калі я ўжо жыла ў пасёлку Высокае, разам з мужам і маёй сястрой мы наведалі сваю малую Бацькаўшчыну. Каля хаты былога паліцая мы прыпыніліся. На двары я ўбачыла сагнутую постаць­ з сівой галавой. Чалавек часаў сякерай бервяно (потым мне сказалі, што ён майстраваў дачу для сваіх дзяцей). Мне вельмі хацелася падысці да яго, зазірнуць у вочы і можа што-небудзь ска­заць. Але я не зрабіла гэтага. Я ўжо ведала, што Бог пакараў паліцая: яго сын-дзевяцікласнік па невядомай прычыне кінуўся пад цягнік…

З 1962 года я стала насіць прозвішча­ Краўчанкава, пачала працаваць старшай піянерважатай у Высокаўскай сярэдняй школе. У нашым пасёлку была брацкая магіла. А хто ў ёй пахаваны – невядома.

У 1966 годзе вайскоўцы прывезлі труну, абцягнутую чырвонай тканінай. У труне былі рэшткі воінаў, што загінулі пры вызваленні вёскі Рагазіна. Разам з піянерамі я прысутнічала на гэтым пахаванні. І вось тады ў мяне нібы нешта прачнулася. Я падумала, што нікому нічога не вядома пра тых, хто тут пахаваны. Пачала распытваць у школе і даведалася, што пошукавую работу пачынаў настаўнік гіяграфіі Фёдар Уладзіміравіч Біратка. Ён даў мне звычайны школьны сшытак, дзе былі запісаны прозвішчы і ўсе дадзеныя пра 142 вайскоўцаў, якія вызвалялі тэрыторыю сельсавета і загінулі на нашай зямлі. Фёдару Уладзіміравічу прыйшлося шмат паездзіць у Аршанскі ваенкамат, каб пасядзець над паслужбовымі спісамі.

Я паспрабавала напісаць некалькі лістоў з мэтай устанавіць сувязі з роднымі загінуўшых. Неўзабаве пачалі прыходзіць адказы ад сваякоў. Колькі ж было радасці, колькі ж было слёз! Потым да гэтай важнай справы падключыліся вучні і настаўнікі. На 9 мая 1968 года была прызначана першая сустрэча з роднымі і блізкімі тых воінаў, што загінулі пры вызваленні нашай мясцовасці. На гэтую сустрэчу прыехалі 28 чалавек. З тае пары кожны год 9 Мая нехта прыязджаў. У 1973 го­дзе – 23 чалавекі, а ў 1975 – 40. Усяго ж у нас пабывалі 198 сваякоў загінуўшых. На працягу 17 гадоў мы сустракалі дарагіх гасцей, многа даведаліся пра воінаў, сабралі іх фотакарткі і змясцілі ў кнігу Народнай Славы. Сёння яна захоўваецца ў школе. У арганізацыі сустрэч з роднымі воінаў нам вельмі дапамагалі транспартам, размяшчэннем гасцей кіраўнікі былых калгасаў “Маяк камуны” (М.Я. Купава), “Актывіст” (Я. К. Юпатаў), СПТВ-12 (дырэктар – С. Я. Краўчанкаў), ПМК-38 (нач. – У. С. Емяльянаў). Мы былі вельмі ўдзячныя ім. Па сённяшні дзень не забываюць жыхары Высокага сваіх вызваліцеляў. Школьнікі засёды даглядаюць за брацкай магілай. Штогод на 9 Мая, 3 ліпеня, 23 лютага жыхары пасёлка збіраюцца да гэтага месца. Загінуўшым – нашы кветкі, піянерскі салют і пачэсны каравул, нашы словы ўдзячнасці і глыбокага смутку.

Сем гадоў я вяла гэтую справу. Пасля мяне работу з чырвонымі следапытамі працягвалі настаўніца геаграфіі Г. Сарокіна і добра вядомая на Аршаншчыне няўрымслівая Людміла Пятроўна Сынцарова. Гэта вельмі старанныя і адказныя людзі. У 1980 годзе на брацкай магіле быў пастаўлены новы помнік. На плітах высечаны імёны ўсіх загінуўшых. Мы зрабілі ўсё, што маглі. І цяперашнія школьнікі добра ведаюць, каму яны абавязаны сваім вольным жыццём і шчаслівай будучыняй.

Мне часта даводзіцца бываць у школе на ўроках мужнасці з успамінамі аб мінулым. Шчыра прызнаюся: я вельмі задаволена, што хоць маленькую часцінку цяпла сваёй душы я ўклала ў зберажэнне памяці аб тых людзях, якія за кошт уласнага жыцця абаранілі нас у гады Вялікай Айчыннай вайны. Няхай жа нашы дзеці, унукі, праўнукі не спазнаюць той вялікай жахлівай бяды, што прыйшлася на наша жыццё. Міру і дабрабыту ўсім.

З павагай М. Краўчанка.

Ад рэдакцыі: Мы шчыра ўдзячны Марыі Браніславаўне за яе расповяд пра вайну. Паважаныя чытачы, магчыма, вы таксама валодаеце цікавай інфармацыяй пра малавядомых або невядомых герояў другой сусветнай вайны? Магчыма, ведаеце гісторыі пра пахаванні часоў вайны на грамадскіх могілках, іншых месцах, пра якія мала каму вядома? Пішыце, тэлефануйце ў рэдакцыю “АГ”, і мы абавязкова надрукуем вашы ўспаміны. Гэта вельмі важна для ўсіх нас.

Добавить комментарий