Уладзіміра Караткевіча памятаюць у сярэдняй школе № 3 г. Оршы. Унікальныя экспанаты школьнага музея

Лістапад. Традыцыйна ў гэтыя восеньскія дні ў нашым горадзе ладзіцца шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных дню нараджэння У. С. Караткевіча.

Вучням і настаўнікам СШ № 3 г. Оршы імя гэтага пісьменніка асабліва дарагое. Менавіта ў гэтай школе ў 1938-1941 гг. будучы класік беларускай літаратуры правёў свае школьныя гады. З мэтай ушанавання памяці У. С. Караткевіча ў 1986 годзе ў школьным музеі была адкрыта экспазіцыя, прысвечаная настаўніку, пісьменніку, земляку, а ў 1989 годзе – Зала памяці.

У фондзе музея захоўваюцца дакументы, фотаздымкі, лісты, успаміны, літаратурныя творы, якія з’яўляюцца сведкамі шматграннага таленту Уладзіміра Караткевіча. Сярод каштоўных экспанатаў – асабістыя рэчы пісьменніка: наручны гадзіннік, партфель, нататнік з аўтографам, копіі дакументаў. Асаблівую цікавасць уяўляюць рукапісныя творы аўтара. Сярод іх – тэкст верша-байкі “Заяц варыць піва”, напісаны на звычайным лісце са студэнцкага сшытка рукой У. Караткевіча. Падаравала яго музею сяброўка пісьменніка Муза Сняжко, калі прыязджала з Кіева ў Оршу на юбілей пісьменніка ў 1995 годзе.

У музеі таксама размешчаны фотаздымкі пачынаючага паэта Караткевіча разам з класікамі беларускай літаратуры Якубам Коласам, Петрусём Броўкам, Янкам Брылем, Васілем Быкавым. Каштоўнымі экспанатамі з’яўляюцца кнігі з асабістай бібліятэкі пісьменніка з аўтографамі, пераклады кніг на іншыя мовы.

Акрамя асноўнага прызвання ствараць цікавыя творы, Караткевіч быў яшчэ выдатным акцёрам, спеваком, мастаком. Прывабліваюць наведвальнікаў музея ўласныя малюнкі да твораў, партрэтныя замалёўкі, сяброўскія шаржы, выкананыя рукой Караткевіча. Мала хто ведае, што пісьменнік добра спяваў, ведаў шмат беларускіх песень. У экспазіцыі музея можна пабачыць рэдкі фотаздымак, на якім Караткевіч стаіць з мікрафонам у руцэ і спявае на адзіным у яго жыцці юбілейным вечары ў 1980 годзе.

Сваё слова Караткевіч сказаў і ў драматургіі. Яго п’есы “Кастусь Каліноўскі”, “Званы Віцебска” з поспехам былі пастаўлены ў 1974-1978 гадах Віцебскім драматычным тэатрам імя Якуба Коласа. У экспазіцыі прадстаўлены афішы да спектакляў па творах Караткевіча з аўтографамі акцёраў, а таксама фотоздымкі п’ес.

Экспазіцыя музея “Зямля пад белымі крыламі” прысвечана падарожжам Караткевіча па палескаму краю. Тут змешчана шмат фотаздымкаў, зробленых фотокарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам, сябрам Караткевіча, з якім разам вандравалі па Беларусі. Ёсць у экспазіцыі некалькі ўнікальных фота. Гэта фотаздымкі людзей, якіх ужо няма ў жывых, выявы аб’ектаў, якія ўжо не існуюць. Ніколі ўжо Палессе не будзе такім, якім апяваў яго Караткевіч. Упершыню фотаздымкі дэманстраваліся ў кінатэатры “Перамога” ў 1990 годзе, потым фотавыстава была падаравана музею. Гэта і памяць, і боль…

Захоўваецца ў музеі і серыя паштовак з цытатамі з твораў Караткевіча, якую выпусціла кампанія “А1” да юбілею пісьменніка ў 2020 годзе. Гэтыя паштоўкі асабіста даслала нашаму музею Алена Сінкевіч – пляменніца і адзіная спадчынніца знакамітага пісьменніка.

Большасць экспанатаў у музеі з’явілася дзякуючы сястры Караткевіча Наталлі Кучкоўскай, якая, на жаль, пайшла ад нас у 2003 годзе. Яна шмат зрабіла па захаванні хатняга архіва і літаратурнай спадчыны пісьменніка.

Фонды музея шырока выкарыстоўваюцца на ўроках, класных гадзінах, для напісання рэфератаў, навуковых і даследчых работ і публікацый у СМІ. Былым кіраўніком і заснавальнікам музея Ліліяй Радомскай у 1989 г. была выдадзена кніга “Уладзімір Караткевіч і Орша”.

Н. ПРУДНIКАВА, загадчык музея.
Фота С. СЛЯПЦОВА.