Як ідзе сяўба ў Аршанскім раёне

Як толькі выдаецца пагодлівая гадзіна, аграрыі спяшаюцца ў поле. Вясна – час вельмі адказны, бо, як вядома, што зараз пасееш, то пасля і пажнеш. З мінулага тыдня некаторыя гаспадаркі Аршанскага раёна прыступілі да севу яравых зерневых культур. Адны з першых – “Задняпроўскі”, “Вусце”, “Межава-Агра”, “Цяплічны”, “Смальяны” і іншыя.

– Пакуль надвор’е нас мала радуе, – сцвярджае намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Андрэй Канстанцінаў, – аднак да сяўбы прыступілі яшчэ на мінулым тыдні. Па стане на 19 красавіка ў раёне пасеяна 2 570 га яравых зерневых і зернебабовых, што складае 24 працэнты ад запланаванага. У вясенне-палявыя работы ўключыліся ўжо ўсе гаспадаркі. Зараз на палях вядзецца падкормка азімых культур, унясенне арганічных угнаенняў, падрыхтоўка глебы. Гаспадаркі забяспечаны ўсім неабходным для сяўбы: палівам, семянным матэрыялам, тэхнікай. Упершыню сёлета ў якасці эксперыменту пасеем цукровыя буракі ў “Смальянах”, “Межава-Агра” і “Задняпроўскім”, а сланечнік – у “Маяку Высокім”. Хачу зазначыць, што добра з зімоўкі выйшлі азімыя культуры, а гэта ўпэўненасць у тым, што без хлеба не застанемся.

Не сумняваюцца ў гэтым і ў СГФ “Смальяны”. Вясенне-палявыя работы тут разгарнуліся на мінулым тыдні.

– Структура пасяўных плошчаў у нас такая, – тлумачыць галоўны аграном Сяргей Бабарыка. – Азімых зерневых неабходна пасеяць 3 070 га, азімага рапсу – 255 га і 605 га – азімай сурэпіцы. Яравы зерневы клін складае 1170 га. Мы таксама займаемся кукурузай, а сёлета яшчэ ў якасці эксперыменту будзем вырошчваць цукровыя буракі. Ужо пачалі яравы сеў аўса, займаемся падкормкай азімых культур, унясеннем арганікі. Ужо падрыхтаваны насенны матэрыял пад усю пасяўную плошчу.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.