У новае жыццё з Домам рамёстваў

Як вядома, падчас летніх канікулаў актыўнасць работы аршанскіх музеяў, у тым ліку і Дома рамёстваў, падае. Тым не менш, дзейнасць устаноў культуры не прыпыняецца ні на хвіліну. Узяць хаця б Аршанскі гарадскі Дом рамёстваў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Сакалова. На сучасны момант тут працуюць каля 40 майстроў, якія займаюцца апрацоўкай драўніны, ткацтвам, пляценнем з лазы, бісера і сухіх траў, вышыўкай, апрацоўкай скуры і г. д.

(фота Марыны Сямашкі)

За апошні месяц творцы Дома рамёстваў пабывалі на кірмашы “Александрыя збірае сяброў”, дзе разам з баранскімі калектывамі “Сакавінка” і “Крынічанька”, прамысловымі прадпрыемствамі РУПТП “Аршанскі льнокамбінат” і Аршанская фабрыка мастацкіх вырабаў, майстрамі з ПТВ-110 і фальклорным калектывам з Шуміліна прадстаўлялі Віцебскую вобласць. З пачэсным даручэннем аршанцы справіліся выдатна, а ўжо праз некалькі дзён знаёмілі гасцей традыцыйнага міжнароднага фестывалю “Славянскі базар” з вырабамі рамеснікаў горада на Дняпры. Клопаты рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў не -зацьмілі ад майстроў Дома рамёстваў падзею мясцовага маштабу: юбілей авіярамонтнага завода. Спецыяльна да 70-годдзя з дня заснавання прадпрыемства была выраблена плакетка з сімваламі г.п. Балбасава і горадаствараючага прадпрыемства, якую з задавальненнем набывалі для сябе гаспадары і шматлікія госці ўрачыстых мерапрыемстваў. У канцы ліпеня дзве групы майстроў-рамеснікаў са сваёй прадукцыяй прынялі ўдзел адразу ў двух значных падзеях: рыцарскім турніры, які праходзіў у Мсціслаўлі, і святкаванні дзён горада Пскова.

Сёння і заўтра ў расійскім горадзе Ізборску на пятым міжнародным фестывалі ваенна-гістарычнай рэканструкцыі культуры сярэдніх стагоддзяў пад назвай “ Жалезны град” аршанскія майстры прадстаўляюць гаспадарам кераміку, берасту, ткацтва і іншыя вырабы. Дарэчы, з расіянамі аршанцаў звязваюць даўнія і трывалыя стасункі. Як вы ўжо зразумелі, гэта не толькі абмен вопытам і новыя знаёмствы, але і ўмацаванне сувязяў паміж двума братнімі народамі.

У бліжэйшых планах на будучыню творцы Дома рамёстваў мяркуюць пры-няць удзел у святкаваннях з нагоды Дня горада Смаленска ў абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2011”, які адбу-дзецца ў Лёзна. Наогул, верасень для майстроў Дома рамёстваў стане дастаткова напружаным. Будзе адкрыты набор у разнастайныя гурткі: вышыўкі, вязання (кір. Г. Кутузава), ганчарства (кір. Т. Шынкарова), ткацтва (І. Ганчарова), разьбярства (кір. І. Пахомчык) і іншыя.

Ну, а пакуль самы час, каб дарослыя разам з дзецьмі, падлеткі разам з сябрамі наведалі музеі горада, не абмінуўшы і Дом рамёстваў. Завітайце сюды і не пашкадуеце. Тут вы пабачыце шмат цікавага, і, магчыма, прыгожыя вырабы майстроў натхняць вас на вывучэнне якога-небудзь рамяства. І тады ваша прывычнае жыццё напоўніцца зусім іншым сэнсам.

Ліна ГАТОЎСКАЯ.

Сайт Аршанскага гарадскога Дома рамёстваў:  remeslo2010.narod.ru

Добавить комментарий