Аршанцы збіраюцца на “Купалле” ў Александрыю

У суботу на беразе Дняпра ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна Магілёускай вобласці будзе шмат гасцей. Традыцыйнае свята “Купалле” кожны год збірае сяброў і здзіўляе іх разнастаўнымі навінкамі. На гэты раз сімвалам свята стане “кола жыцця”.

Менавіта ў форме дэкаратыўнага кола і будуць размешчаны кірмашныя вуліцы. Фальклорныя традыцыі, народныя абрады – кожная вобласць краіны пазнаёміць са сваімі здабыткамі. Як заўсёды, будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі.

На падвор’і Віцебшчыны можна будзе сустрэць супрацоўнікаў Аршанскага дома рамёстваў і Копыскага цэнтра народных рамёстваў, якія прадставяць шырокі асартымент вырабаў ручной работы з гліны, скуры, дрэва і г. д. Напрыклад, ганчары з Копысі ў гэтым годзе ўдзельнікам свята прапануюць набыць гаршчкі для запякання і мёду, салонкі, сувенірныя вазы, кружкі. Таксама будуць прадстаўлены вырабы з лагатыпам “Орша – культурная сталіца” і тэматычнымі надпісамі купальскага свята.

Нагадаем, што сёлета ў Александрыі адзначаць 140-годдзе класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Чакае гасцей і канцэрт Руслана Аляхно, выступленні калектываў усіх абласцей краіны і г. Мінска, творчых калектываў Цэнтра культуры “Віцебск”, цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага праекта “Уладар сяла” і інш. А на гала-канцэрце “Ёсць на што паглядзець!” перад гледачамі выступяць зоркі беларускай і расійскай эстрады. Разам з імі – і вядомая аршанская ўзорная арт-студыя “Натхненне” пад кіраўніцтвам Кацярыны Вяткінай. Калектыў будзе выступаць са спявачкай Алёнай Ланской. Так што сустракаемся ў Александрыі!

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара з архіва “АГ” і калектыву «Натхненне».