“НЕ ХЛЕБ, А ПЕСНЯ!”

…Амаль што ў адзін голас так гавораць пра сёлетні ўраджай хлебаробы дзяржаўнага прадпрыемства СГЦ “Задняпроў­скі” Сяргей Грэкаў, Павел Магер, Аляксандр Шмур’еў і Ула­дзімір Голенеў. “Убіраць яго адно задавальненне. Плывеш па полі на сваім “караблі”, а зерне, як залатыя манеткі, сыплюцца ў бункер”.

Аляксандр Шмур’еў – вопытны камбайнер, які зараз падае прыклад маладым калегам. Узгадвае, як у 2003 годзе на “Дажынках” у Пружанах ён заняў другое месца. Прайшло столькі гадоў, але ў памяці назаўсёды засталося пачуццё радасці за тое, што ён змог дасягнуць гэтай вышыні. Але шлях да перамогі ў хлебаробаў вельмі складаны. Ён паліты салёным потам і напружанай працай ад ранку да позняга вечара. Салодкі смак перамогі знаёмы і Сяргею Грэкаву, які ў 2000 годзе на абласных “Дажынках” быў трэцім.

А вось у маладых камбайнераў Паўла Магера і Уладзіміра Голенева ўсе працоўныя поспехі наперадзе. Яны стараюцца не адставаць ад прафесіяналаў сваёй справы Сяргея Грэкава і Аляксандра Шмур’ева і мараць аднойчы пабываць у якасці прызёраў на “Дажынках”.

Дарэчы, Уладзімір Голенеў прыехаў з Ка­рэліі, у СГЦ “Задняпроўскі” працуе другі год. Прызнаецца, што ніколі не думаў, што аднойчы будзе механізатарам, прычым у Беларусі. Ён не шкадуе, што так склаўся яго лёс, бо побач з ім сям’я і любімая работа.

У сёлетнім жніве два экіпажы камбайнераў “Задняпроўскага” лідзіруюць: Сяргей Грэкаў і Павел Магер на другім месцы, Аляксандр Шмур’еў і Уладзімір Голенеў – на трэцім. На мінулым тыдні прызёраў хлебнай нівы павіншавалі тэхнічны інспектар працы абкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя Святлана Кутузава, тэхнічны інспектар працы інспекцыі працы беларускага прафсаюза авіяцыйных работнікаў Віктар Фурман, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Мурашка. Яны ўручылі хлебаробам падарункі з пажаданнямі поспехаў і добрага надвор’я на жніве (глядзіце здымак).

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий