“Бульбачка ніколі не падвядзе!”

За вёскай Навасёлкі зранку чутны гул трактароў. Тут на больш чым 50 гектарах бульбяных палеткаў чакае земляробаў каштоўны прадукт, якому ў народзе далі трапную назву – другі хлеб. ДП “Сельскагаспадарчая э/б “Вусце” пад кіраўніцтвам Аляксандра Раманцова сёлета заняла пад бульбяныя плошчы 200 гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць складае 221,6 ц/га. З палёў ужо ўбрана 745 тон бульбы.

(злева направа):вадзіцель Алег Казакоў, механізатар Валянцін Вераксіч і яго памочнік Дзмітрый Семянкоў.

Адным з прафесіяналаў “бульбяных спраў” з’яўляецца механізатар сельгаспрадпрыемства Валянцін Вераксіч. Агульны стаж работы на зямлі ў Валянціна Аляксандравіча без малога 30 гадоў. За гэты час ён у дасканаласці вывучыў усе асаблівасці размешчаных у розных кутках гаспадаркі палёў, “набіў руку” і на бульбяных гектарах. Прафесійны земляроб зазначае:

– Бульба – культура не капрызная. Калі зерневыя або травы могуць звесці на “не” затрачаныя на іх клопаты з-за неспрыяльных умоў надвор’я, то бульбачка ніколі не падвядзе. Я ўбіраю другі хлеб штогод і не прыпомню, каб ён не аддзячыў чалавеку за догляд. Сёлета мы што­дзень двума трактарамі з навяснымі камбайнамі ўбіраем з палеткаў прыкладна да 90 тон гэтай культуры. Магутныя аўтамабілі дастаўляюць агародніну на сартавальны ўчастак, дзе яна пройдзе тэхналогію адбору: частка будзе адпраўлена на дзяржзаказ, адборныя клубні закладзены на насенне, дробязь пойдзе на кармы скаціне, а лішкі прададуць…

Поплеч з Валянцінам Вераксічам працуе яго памочнік Дзмітрый Семянкоў і вадзіцель з 25-гадовым вопытам працы Алег Казакоў. Сяльчане, па іх выразе, “прыраслі” душой да зямлі і не жадаюць для сябе іншай долі. Валянцін Аляксандравіч з гордасцю распавядае пра тое, што ў свой час яму давялося працаваць са знакамітым на ўсю савецкую краіну Захарам Баркоўскім, легендарным дырэктарам э/б “Вусце”. Заробкі механізатараў даходзілі да 500 рублёў у месяц, а напрыканцы года прэміяльныя складалі ажно 2 тысячы рублёў! Механізатар з гордасцю гаворыць і пра сённяшні дзень сельскагаспадарчага прадпрыемства. Заробак здавальняючы, плацяць своечасова. Хочаш зарабіць болей – працуй добрасумленна. Напрыклад, сам Вераксіч заняты на палявых работах з вясны да позняй восені. Падчас заканчэння палявых работ з наступленнем трывалых халадоў ён заняты ў жывёлагадоўчай галіне, на падрыхтоўцы тэхнікі да пасяўной, на іншых работах.

Пакідаючы ў канцы рабочага дня тэхніку, Алег Казакоў і Валянцін Вераксіч не спыняюць працы. На падворках у кожнага работы толькі распачынаюцца. Увечары трэба накарміць гуллівую гаспадарку: парсюкоў, птушку, а Валянціну Аляксандравічу – дзвюх кароў, прыбраць у хлявах і на двары. Сем’і абодвух мужчын жывуць у прыватных сядзібах: адна ў вёсцы Белева, другая – у Малінаўцы. Вераксічы за прададзенае дзяржаве малако, прыблізна 200 літраў у суткі, атрымліваюць грошы кожную дзесяцідзёнку. Увесістым прыдаткам да кармавой базы ўласнай жывёліны з’яўляецца зерне, якое гаспадар атрымлівае ўвосень за працу ў сельгаспрадпрыемстве. У мінулым годзе ён атрымаў тры тоны зерня. Частку яго на ўласным млыне размалоў на муку, частку пакінуў на корм птушцы.

Аб жыцці ў вёсцы земляробы ніколькі не шкадуюць. Па іх словах, праца ў гаспадарцы і на ўласным падворку дае добрую аддачу: абодва дапамагаюць дзецям, хапае і на тое, каб пакласці капейку на зберажэнне. Што і казаць, жыццёвы шлях сяльчан няпросты. Рана ўставаць і позна класціся спаць на працягу не аднаго дзясятка гадоў для герояў нашай публікацыі – справа звыклая. Абодва з ахвотай вучаць маладых хлопцаў, якія прыходзяць у гаспадарку. “Жыць на вёсцы здолее кожны, трэба толькі любіць зямліцу”, – упэўнены механізатар Валянцін Вераксіч.

Ліна Гатоўская.

Фота аўтара.

Добавить комментарий