На Аршаншчыне адзначаюць цудоўнае свята – Светлае Хрыстова Уваскрашэнне

Гэта адно з самых значных праваслаўных святаў. З мэтай далучэння нашых дзяцей да вытокаў праваслаўнай культуры, развіцця цікавасці да народных традыцый у Крапівенскай сярэдняй школе Аршанскага раёна прайшло пазакласнае мерапрыемства “Вялікдзень – Светлае Хрыстова Уваскрашэнне”.

Падрыхтавалі яго вучні 5 класа. Дзеці чыталі вершы, спявалі песні, паказалі велікодны абрад. Не абышлося і без традыцыйных гульняў: біткі і качанне яек. У гульні ў біткі выйграваў той, чыё яйка разбівала іншыя. У качанні яек з горкі — той, чыё яйка кацілася далей. Пераможца забіраў яйкі астатніх удзельнікаў гульні. Закончылася мерапрыемства за сталом, за якім дзеці смакавалі кулічы, цукеркі і яйкі.

Н. ВАРАБ’ЁВА,
класны кіраўнік 5 класа.