НА ВЯСКОВЫМ КІРМАШЫ РЫХТАВАЛІСЯ ДА ЗІМЫ

Суботняя раніца 24 верасня выдалася па-восеньскі пахмурнай і дажджлівай, але такое надвор’е не напалохала жыхароў вёскі Якаўлевічы і нават самых аддаленых населеных пунктаў сельсавета, каб завітаць на сельскагаспадарчы кірмаш. Яго пачатак быў прызначаны а дзясятай гадзіне, але ўжо да гэтага часу некаторыя тавары разышліся, што называецца, не паспеўшы апынуцца на прылаўку.

Плошча ля мясцовага сельсавета на пэўны час стала непрывычна ажыўленай: тут бойка ішоў гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй, гучала вясёлая музыка. Каля кожнай машыны з таварам выстрайваліся чэргі пакупнікоў. Літаральна хвілін за дваццаць прадстаўнікі ДП “С/г э/б “Вусце”, ДП “Межава”, ААТ “Аршанскі райаграсервіс” і ААТ “Роскі Сялец” распрадалі зерне, бульбу, гародніну. Ахвотна бралі прадукцыю РУП “Віцебскэнерга” філіял “Цяплічны” і ААТ “Птушкафабрыка Аршанская”, кандытарскія вырабы райпо. Не было адбою ад пакупнікоў і ля машыны КУП БАН Аршанскага райвыканкама, дзе сяльчане набывалі пасцельную бялізну.

З поспехам прайшоў гандаль на кірмашы і для інжынера збыту КСУП “СГЦ “Задняпроўскі” Віктара Сідарэнкі, які прывёз для жыхароў Якаўлевіцкага сельскага Савета маладых парсючкоў. За першыя хвіліны сваёй работы ён прадаў адразу дзевяць галоў маладняку.

Правядзенне такіх выязных кірмашоў – зручная практыка, лічыць старшыня Якаўлевіцкага сельсавета Вольга Баранава, бо не заўсёды вяскоўцы могуць выехаць у горад за пакупкамі. Вольгу Сямёнаўну падтрымалі і аднасяльчане. Яны засталіся задаволеныя ўсімі набытымі таварамі і такім клопатам з боку мясцовых улад, а яшчэ выказалі пажаданне, каб у наступны раз да такой карыснай справы далучылася яшчэ больш сельгаспрадпрыемстваў раёна, асабліва ім хацелася бачыць розныя віды кармоў для хатняй жывёлы і птушкі, пасадачны матэрыял, гародніну, вырашчаную на прысядзібным участку мясцовай школы.

Усяго падчас кірмашу на тэрыторыі Якаўлевіцкага сельсавета было выручана 20 мільёнаў рублёў. Зерня прададзена 8 тон, бульбы – 500 кг, каля 100 кілаграмаў гародніны і г.д.

Не далі пакупнікам сумаваць у гэты дзень калектывы мастацкай сама­дзейнасці Магераўскага, Казловіцкага і Якаўлевіцкага сельскіх клубаў, якія падрыхтавалі для іх канцэртную праграму і стварылі па-сапраўднаму святочную атмасферу.

Настасся Аляксандрава.

Фота аўтара.

Добавить комментарий