31 сакавіка каталікі святкуюць Пасху | віншаванне

Паважаныя каталіцкія вернікі і людзі добрай волі!

Чарговы раз свята Вялікадня запрашае нас задумацца над таямніцай людскога жыцця. Які яго сэнс? Ці маё існаванне заканчваецца з хвілінай фізічнай смерці? З мёртвых паўстанне Езуса кажа, што гэта не так. Жыццё пасля фізічнай смерці існуе, чалавек мае несмяротную душу, і сам Хрыстос з’яўляецца гэтага сведкам.

Вялікдзень – гэта надзея для кожнага чалавека. Варта памятаць, што да жыцця вечнага ўваскрэснуць тыя, хто зберагаў вернасць Божым загадам. Таксама варта не забывацца, што той, хто гэтую вернасць не сцеражэ ў сваім сэрцы, сам выбірае знаходжанне без Бога ў вечнасці, як сказаў Езус пра Юду, называючы яго сынам пагібелі.

Улюбёныя каталіцкія вернікі і людзі добрай волі! Вялікдзень называем светлым днём, бо гэта дзень нашай надзеі. Варта ў гэтыя дні задаць сабе пытанне: калі апошні раз я быў у споведзі і прымаў Святую Камунію, Езуса Хрыста, скрытага ў святым хлебе? Калі апошні раз я шчыра звяртаўся да Бога ў малітве? Ці сапраўды я веру, што Хрыстос уваскрос?

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Пасхальныя літургіi ў касцёлах Оршы:

30 сакавiка ў 22.00 па вул. Савецкай, 6;
31 сакавiка ў 9.00 па вул. Магілёўскай і ў 11.00 па вул. Савецкай, 6.

Настаяцель касцёла святога Юзафа
ксёндз М. Цвячкоўскі.

Фота С. Сляпцова.