КАЛІ ЎСЕ ЗА АДНАГО

У в. Пагосцік Задроўеўскага сельскага Савета некалькі вуліц, дзе ў старых дамах жывуць у асноўным састарэлыя вяскоўцы. Жыццё не песціць іх асаблівым дастаткам або здароўем. Але сказаць, што ў людзей рукі апусціліся, што гэта выміраючая вёска, ну ні як язык не паварочваецца. Наадварот, хочацца павучыцца ў сялян, як жыць, радавацца жыццю і быць шчаслівым.

Узяць, да прыкладу, жыхарку Людмілу Мітраховіч (на здымку злева). Яна жыве з Васілём (на здымку справа) вось ужо больш за 20 гадоў. Ён працуе паштальёнам, яна – хатняя гаспадыня, бо мае групу інваліднасці. Узаемная павага мужа і жонкі праяўляецца ва ўсім: у чысціні дома, у сціплай ежы, у парадку на прысядзібным участку. У іх гаспадарцы няма буйной рагатай жывёлы (здароўе не дазваляе), але жывуць на падворку тры сабакі і чатыры кошкі. У вольны час Людміла чытае кніжкі. Васіль, акрамя работы, займаецца фотасправай, захапляецца камп’ютарам, апошнім часам заняўся вывучэннем замежных моў. Засвоіў гутарковы нямецкі і нават індыйскі, хутчэй за дублёраў пераводзіць на родную мову дыялогі герояў індыйскіх фільмаў. Зараз узяўся вывучаць іспанскую мову, жадае ведаць, як у арыгінале гучаць яго любімыя песні.

Вялікая радасць для Людмілы, калі муж вывозіць яе на інваліднай калясцы на прагулку. Яны адразу спяшаюцца на поле, да лесу або праведваюць суседзяў. Добрыя адносіны звязваюць іх з Мікалаем і Таісай Кісялёвымі, якія часта завуць памыцца ў сваю лазню, а яшчэ з Таццянай, Фёдарам Пятаковымі і іх зяцем Міхаілам Масаловічам, які дапамагае вяскоўцам у цяслярнай справе. Рады бачыцца Мітраховічы з дачнікамі Любоўю і Міхаілам Сяднёвымі, бо Люба стрыжэ амаль усіх жыхароў, і не трэба ім ехаць у горад да цырульніка. За малаком многія ідуць да Людмілы Вадавозавай, якая трымае двух кароў, а калі хвароба падступіць, просяць яе зрабіць укол, бо яна і ў медыцыне мае пэўныя навыкі.

Гэтым летам Васіль набраўся сіл і дакаціў супругу “з ветрыкам” аж да суседняй вёскі Жалезнякі, насупраць якой пабудавана газазаправачная станцыя. У той дзень як раз адбывалася адкрыццё новай ГЗС, на мерапрыемстве прысутнічаў дырэктар Аршанскага філіяла вытворчага ўпраўлення “Оршагаз” Сяргей Станіслававіч Завадскі – дэпутат Аршанскага гарадскога Савета. Ён, хоць і не быў знаёмы з Мітраховічамі, шчыра сустрэў іх, правёў па новым аб’екце, расказаў пра яго, параіў наведаць адкрыты там магазін харчовых тавараў і кафэ.

Той дзень, асабліва размова з Сяргеем Станіслававічам Завадскім, а таксама рамантычнае спатканне ва ўтульным прыдарожным кафэ Людміла і Васіль запом­няць надоўга. Яны кажуць, што ім шанцуе на добрых людзей і вельмі дапамагае ўзаемавыручка. Па іх словах, у вясковым жыцці ўсё трымаецца на людзях, на іх добразычлівасці і падтрымцы адзін аднаго. І з гэтым нельга не зга­дзіцца.

Аднойчы Людміле давялося звярнуцца да ўпраўляючага Задроўеўскага сельсавета Тамары Пятровіч з нагоды нарыхтоўкі на зіму паліва. Тамара Рыгораўна чакаць доўга не прымусіла, патэлефанавала мясцоваму прадпрымальніку Сяргею Цубаркову. Той на сваім грузавіку тут жа прывёз дровы. А якім добрым чалавекам з’яўляецца начальнік перасоўнага аддзялення паштовай сувязі №2 Святлана Барысёнак, ведаюць усе сяльчане! З якой бы просьбай да яе ні звярнуўся, яна абавязкова яе выканае. Добрым словам Людміла адзываецца аб старшыні Аршанскага раённага Савета дэпутатаў Станіславе Дзмітрыевічы Кошкіне.

– Я толькі аднойчы патэлефанавала яму, – расказвае жанчына, – папрасіла расчысціць вуліцу ад снегу, ён у той жа дзень прыслаў у вёску трактар.

Вось так і жывуць вяскоўцы. Падтрымліваюць адзін аднаго, калі спатрэбіцца дапамога. Узаемавыручка кожнаму дае больш, чым калі б ён дзейнічаў у адзіночку. Вяскоўцы ўпэнены, што іх вёска не загіне, па-першае, таму што яны гэтага не дазволяць, па-другое, што не кінуць яе мясцовыя ўлады, навядуць належны парадак на зямлі. Напрыклад, асфальт да самай вёскі ўжо пракладзены, засталося адрамантаваць дарогі ў самім населеным пункце, асабліва вуліцу Ясеніна. У вёску своечасова прыяз­джае аўталаўка, перасоўная бібліятэка і іншыя службы.

– Жыць у вёсцы можна і трэба, – расказвае Людміла Мітраховіч, – бо нездарма спакон вякоў тут сяліліся нашы продкі. З расказаў бацькоў я ведаю, як у Пагосціку аб’ядноўвалі хутары, будавалі дамы, працавалі на роднай зямлі, дзяцей гадавалі. Верыце або не, а нашы вяскоўцы па-сапраўднаму шчаслівыя, бо жывуць у згодзе і з лю­дзьмі, і з акаляючым іх светам.

Людміла Маршаловіч.

Добавить комментарий