«КАЛІ ДУША І ТВОРЧАСЦЬ – АДЗІНЫЯ»

У майстэрні музея драўлянай скульптуры рэзчыка С. С. Шаўрова працуе выстава работ самадзейнага майстра народнай творчасці Наталлі Суславай «Калі душа і творчасць – адзіныя» (на здымку).

На выставе прадстаўлена 32 работы маладой мастачкі, сярод якіх – выкананыя ў тэхніцы манатыпіі (сумяшчэнне дзвюх тэхнік: гравюры і малюнка), напісаныя алеем і фарбамі. Шмат тут і каляровых фотаработ.

Наталля нарадзілася ў г. Оршы ў творчай сям’і. Бацька дзяўчыны добра маляваў, сястра скончыла мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П. М. Машэрава. Напэўна, гэтыя абставіны і паўплывалі на фарміраванне светапогляду Наталлі, яе схільнасці і здольнасці. Ужо ў школе яна пачала захапляцца маляваннем і фатаграфіяй, ёй падабалася эксперыментаваць. Наталля Суслава вучылася ў Бабруйскім мастацкім вучылішчы, пасля – на інжынерным факультэце БДСГА г. Горкі. З 1986 года пачала прымаць актыўны ўдзел у выставах клуба «Рэнесанс» г. Оршы. Неаднойчы ўдзельнічала ў абласных і гарадскіх выставах. Работы Наталлі былі прадстаўлены таксама ў Новарасійску, Геленджыку і іншых гарадах.

Выяўленчае мастацтва адносіцца да ранняга перыяду творчасці таленавітай мастачкі. Тэматыка яе работ самая разнастайная: ад выяў пары году і беларускіх краявідаў да твораў класікі айчыннай і рускай літаратур. Напрыклад, адна з манатыпій «Бяроза» ўзнікла пад уражаннем ад верша С. Ясеніна. Фотоработы Наталлі насычаны колерам і вельмі жыццярадасныя. Варта толькі зірнуць на фотаздымкі з назвамі «Наша багацце» і «Родныя прасторы» – адразу ўзнікне жаданне перамясціцца ў цёплае беларускае лета, багатае на грыбы ды ягады.

«Я не толькі малюю, фатаграфую, але выступаю і ў якасці мадэльера, майструю галантэрэйныя вырабы са скуры. Люблю нешта рабіць сваімі рукамі. Напрыклад, на выставе «Калі душа і творчасць – адзіныя» прадстаўлена шкатулка, упрыгожаная саломкай. Тое, чым я займаюся, – маё захапленне для душы. Што мяне натхняе на творчасць? Прыгажосць навакольнага свету! Калі бачу нейкія незвычайныя месцы ці прыродныя з’явы, адразу імкнуся адлюстраваць іх у сваіх работах», – расказала мастачка.

Абавязкова наведайце выставу Наталлі Суславай! У вас яшчэ ёсць магчымасць атрымаць асалоду ад глыбокіх, цікавых работ самадзейнай мастачкі, дакрануцца да дзіўнага свету каляровай фатаграфіі. Выстава будзе дзейнічаць па 9 сакавіка.

Надзея МАЛАЧКОВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий