Сваё месца пад сонцам

Праўду людзі кажуць: “Цікавае – побач”. Менавіта гэта думка не пакідала мяне пасля знаёмства з токарам Яўгенам Прыходзькам і інжынерам-механікам Андрэем Дзяйнекіным (на здымку) – работнікамі таварыства з абмежаванай адказнасцю “Дыяпазон-Тэхна”, якое вось ужо чатыры гады дзейнічае ў нашым горадзе.

І што ж мяне так зацікавіла, спытаеце вы, гледзячы на здымак. Звычайныя людзі ў звычайных спяцоўках. Ці мала такіх у Оршы?

Сапраўды, шмат токараў-віртуозаў і інжынераў-механікаў ад Бога працуе і на іншых прад­прыемствах Аршаншчыны. Адрознівае іх адно – Я. Прыходзька і А. Дзяйнекін назапасілі вопыт стварэння асабістай справы, надалі сваім прафесіям імідж прадпрымальніцтва. Вось так можна, маючы звычайную рабочую прафесію, вырабляць прадукцыю, якая б карысталася попытам і прыносіла карысць і сабе, і роднаму гораду, і дзяржаве. З гэтай нагоды Яўген Прыходзька прасіў перадаць праз “Аршанскую газету” прывітанне Аршанскаму прафесіянальна-тэхнічнаму вучылішчу №122 металістаў, дзе некалі набыў прафесію токара. Андрэй Дзяйнекін, у сваю чаргу, удзячны службе ў войсках, якая навучыла яго разбірацца ў тэхніцы. Так або інакш, лёс звязаў іх разам і прывёў у ТАА “Дыяпазон-Тэхна” да вытворцаў, такіх, як тэхнічны дырэктар Аляксандр Данілеўскі, дырэктар ТАА “Дыяпазон-Сервіс” Валерый Пракопаў, галоўны інжынер Віталь Данілеўскі, якіх можна смела назваць піянерамі ў вытворчасці інавацыйных відаў прадукцыі – цепласістэм для гарачага водазабеспячэння і ацяплення з выкарыстаннем сонечнай энергіі. Гэта таварыства адно з першых скарысталася ініцыятывай урада аб развіцці ў Беларусі мясцовых і аднаўляючых энергавытокаў (Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №586 ад 10 мая 2011 года). Сумесна с РУП “НВЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі” тут распрацавалі і ўкаранілі ў вытворчасць геліакалектары, змайстраваць якія можна практычна ў кожным будынку або з іх дапамогай пашырыць магчымасці ўжо існуючых сістэм гарачага водазабеспячэння і ацяплення.

Токар Яўген Прыходзька вырабляе вузлы для геліаводанагравальных установак. Інжынер-механік Андрэй Дзяйнекін – адказны за зборку, мантаж у адпаведнасці з тэхнічным заданнем. Сонечныя батарэі, вырабленыя не дзе-небудзь у Германіі ці Кітаі, а менавіта ў нашым горадзе, ужо выпрацоўваюць цяпло ад сонца на аб’ектах Віцебшчыны, Гомельшчыны і Брэстчыны. Геаграфія паставак аршанскіх геліакалектараў з кожным годам пашыраецца, бо іх выкарыстанне дазваляе скарачаць гадавое спажыванне энергарэсурсаў. Таварыства працуе ў рамках свабоднай эканамічнай зоны “Віцебск” і ўпэўнена займае сваё месца пад сонцам.

Людміла Маршаловіч.

Фота аўтара.

Добавить комментарий