На Аршаншчыне праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 95-годдзю Уладзіміра Караткевіча
Сёння споўнілася 95 год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча.

Для жыхароў Аршаншчыны гэта вельмі дарагая дата. Імя Уладзіміра Караткевіча кожны аршанец ведае амаль з дзяцінства. І не толькі таму, што пісьменнік нарадзіўся і жыў у Оршы. Галоўнае, што ўсе разумеюць, што ён волат беларускай славеснасці, талент яго глыбокі, сапраўдны і шматгранны. Такі ж сапраўдны, як і народная любоў да яго твораў.

Падчас тыдня памяці на Аршаншчыне праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 95-годдзю класіка беларускай літаратуры, накіраваных на захаванне яго творчай спадчыны. У музеі У. Караткевіча арганізавана выстава «Фонды музея Аршанскага», на якой можна ўбачыць фотаздымкі, кнігі і падарункі сям’і і сябрам Уладзіміра Сямёнавіча. Працуе выстава аднаго прадмета «In memoriam. Спынены час», на якой прадстаўлена пасмяротная маска нашага славутага земляка. У сацыяльных сетках музея размяшчаюцца публікацыі, прысвечаныя жыццю і творчасці Уладзіміра Караткевіча, а таксама рэдкія фотаздымкі пісьменніка, яго цытаты. Імя ўраджэнца роднага краю гучыць на шматлікіх мерапрыемствах у сценах устаноў культуры Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Па традыцыі ў памятны дзень у музеі У. Караткевіча прайшла літаратурная гасцёўня, якая пачалася ля помніка знакамітага земляка, што ўстаноўлены на беразе Дняпра. Там сабраліся аматары творчасці Уладзіміра Караткевіча на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аршанскага райвыканкама Марыяй Шматавай, дырэктарам музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Юліяй Камаровай, загадчыкам аршанскага музея У. Караткевіча Настассяй Корбан, членамі літаратурнага аб’яднання «Дняпроўскія галасы». Яны ўсклалі жывыя кветкі да абеліску. У час сустрэчы шчыра, ад душы ўспаміналі пісьменніка, казалі і аб тым, што наш край, наша Беларусь стала не толькі Радзімай, але і невычэрпнай крыніцай натхнення для Уладзіміра Караткевіча.
Людміла МАРШАЛОВІЧ.
Фота аўтара.



Поўная перадрукоўка тэксту і фатаграфій забаронена. Частковае цытаванне дазволена пры наяўнасці гіперспасылкі.
