БІБЛІЯТЭКА – ДЛЯ ДУШЫ АПТЭКА

Сярод шматлікіх культурна-асветніцкіх устаноў бібліятэкі заўсёды выконвалі і выконваюць галоўную ролю. Бібліятэка – гэта не проста ўстанова, будынак, у якім ёсць кнігі, часопісы, газеты. Гэта сапраўдны інфармацыйны цэнтр, які працуе для людзей.

Ад таго, як бібліятэкар сустрэне чытача, залежыць не толькі яго настрой, але і тое, ці захоча ён прыйсці сюды яшчэ раз. Дробязей у нашай справе няма. Бібліятэкар – гэта і псіхолаг, і педагог, і доктар, і нават кветкавод. Для чытачоў важна ўсё: як павітае яго гаспадыня-бібліятэкар, ці пацікавіцца справамі, што прапануе пачытаць.

 Кожны па-свойму адкрывае для сябе свет кнігі. Маім першым настаўнікам стала мая бабуля Еўдакія Якаўлеўна. Сама яна скончыла ўсяго 3 класы, але добра ведала і мяне вучыла, што жыццё чалавека цесна звязана з кнігай. Потым на маім шляху сустракаліся добрыя настаўнікі, якія вялі мяне ў свет цікавага. І сёння я з годнасцю і ўдзячнасцю ўспамінаю сваіх настаўнікаў: Новікаву Аляксандру Яўменаўну, Лугаўцову Таісу Аляксандраўну. А колькі нязведанага адкрыў нам, школьнікам, Генадзь Фёдаравіч Чарняўскі. Мы заўсёды з нецярплівасцю чакалі яго ўрокаў-падарожжаў у гісторыю. Якім жа дарам трэба было валодаць, каб так зацікавіць дзетак? Адказ просты: любіць сваю справу, любіць кнігу. Нізкі паклон вам, дарагія настаўнікі!

З першага дня працы ў бібліятэцы я шмат увагі ўдзяляю менавіта тым, хто яшчэ мала разумее, што такое кніга, – дашкалятам. Я часта наведваюся ў дзіцячы сад, знаёмлю дзяцей з кнігай, расказваю пра яе. Многія яго выхаванцы ўжо самастойна прыходзяць у бібліятэку.

Не меншай увагі патрабуюць і нашы пенсіянеры, якія з’яўляюцца для нас прыкладам у жыцці і працы. Гэтыя людзі даўно адкрылі для сябе кнігу, але раней з-за жыццёвых клопатаў ім проста не хапала на яе часу, зараз яго шмат. Пенсіянеры часта наведваюць бібліятэку, многія з іх з’яўляюцца членамі аматарскага аб’яднання “Купалінка”. Неаднаразова тут праводзіліся сустрэчы з паэтамі Прохаравым, Саковічам, Шыбекам. Заўсёды цікава і весела праходзяць фальклорныя гадзіны, прысвечаныя народным святам.

Дзейнасць бібліятэкі – гэта праца ў многіх накірунках. І каб яна давала свае вынікі, работнікам установы культуры трэба працаваць з усімі катэгорыямі насельніцтва.

Людзі павінны ведаць, што ў бібліятэцы можна не толькі знайсці цікавую кнігу, газету, часопіс, але і паслухаць вершы, прыняць удзел у мерапрыемстве, разам з калектывам абмеркаваць заметку, выказаць сваю думку па тым ці іншым пытанні. Вялікая ўвага надаецца і прапагандзе нашай роднай мовы. Калі старэйшае пакаленне яшчэ чытае па-беларуску, то моладзь выбірае літаратуру ў асноўным на рускай мове. І тут задача бібліятэкара – давесці да свядомасці чытачоў, што наша мова таксама прыгожая, мілагучная, толькі трэба вучыцца разумець яе, а для гэтага неабходна больш чытаць на беларускай мове.

Мова – не толькі сродак зносін, але і душа народа, аснова і важнейшая частка яго культуры. Жыве мова – жыве народ.

Зараз шмат увагі наш урад удзяляе напаўненню кніжнага фонду мясцовых бібліятэк. Літаратура разнастайная, на любы густ, як для дарослых, так і для дзяцей. І асаблівае места тут займае літаратура на роднай мове: выданні нашых неўміручых класікаў, сучасных аўтараў, вялікая колькасць кніг пазнавальнага характару. Зазірнуўшы ў бібліятэку, сённяшні чытач не застанецца раўнадушным.

(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №30 за 16 марта 2013 года).

Я. ГЕРАСІМЕНКА,

бібліятэкар Зубаўскай сельскай бібліятэкі.

 

Добавить комментарий