Смачныя абеды для хлебаробаў

Пад час гарачай уборачнай кампаніі, калі вядзецца барацьба за кожны цэнтнер зерня, забеспячэнне хлебаробаў паўнацэнным харчаваннем – самы важны аспект, бо на пусты страўнік работа заўсёды ідзе марудна. Падтрымліваць працоўны дух механізатараў адкрытага акцыянернага таварыства “Птушкафабрыка Аршанская” дапамагаюць повары вытворчай сталовай Яніна Дашкевіч і Тамара Воранава (на здымку), якія штодзённа гатуюць для іх смачныя абеды і сняданкі.

Пах смажаных катлет і варанай маладой бульбы адчуваецца адразу, як толькі пераступаеш парог кухні. Працэс прыгатавання ежы для хлебаробаў амаль бесперапынны: машына з гарачымі абедамі накіравалася ў поле – час прыступаць да сняданка.

Цікаўлюся ў повара Тамары Воранавай: што сёння ў рацыёне механізатара? Тамара Анатольеўна пералічвае:

“У меню катлеты, бульба, маласольны агурок, піражкі з павідлам, кампот і мінеральная вада. Але наступны дзень у нас не падобны на папярэдні. Мы разумеем, што харчаванне павінна быць разнастайным, смачным, каларыйным, вітамінізаваным, таму і рыбу смажым, і галубцы тушым, і мяса птушкі запякаем…

Другі повар Яніна Дашкевіч дадае: “Мы абавязкова ўлічваем пажаданні саміх хлебаробаў. Ім вельмі падабаецца, калі мы гатуем піцу, каўбасу ў цесце, салодкую здобу”.

Да размовы далучаецца і Вольга Муліна, якая ўжо не першы год пад час жніва занятая на адвозцы абедаў: “У гэтым годзе мы кормім больш за 30 хлебаробаў. Абедамі яны задаволеныя, бо ежа, і сапраўды, па-хатняму смачная і каларыйная. З такім разнастайным меню, што прапаноўваюць нашы повары, галодным ніхто не застанецца!”.

Н. ТУРОК

Добавить комментарий