В Оршанском районе есть женщины, которые всю жизнь разносят людям письма и газеты и любят свою работу

Адправіць ліст ці павіншаваць са святам родных, сяброў, калег і знаёмых сёння вельмі проста. Некалькі секунд – і адрасат атрымае СМС, электроннае пісьмо ці гукавое паведамленне. Але кожны раз вяртаюся дадому і спыняюся каля паштовай скрыні, дзе ўжо ляжыць свежая прэса. А якое гэта шчасце – убачыць сярод рэкламных буклетаў канверт ці паштоўку, на сэрцы адразу цяплее. Заўтра адзначаць прафесійнае свята паштовыя работнікі. Для паштальёнаў ні дождж, ні завіруха не перашкода дарыць людзям радасць, прыносіць у кожны дом навіны.

почтальон
З нецярпеннем чакаюць свайго любімага паштальёна Тамару Марозаву жыхары Казечына і Казечак. Гэтыя два населеныя пункты абслугоўвае аддзяленне паштовай сувязі Межава Аршанскага РВПС. Раней і на малой Радзіме Тамары Францаўны – у Казечках, і ў Казечына было шмат людзей, а сёння гэта маленькія вёсачкі. На працу паштаркай Тамара Марозава прыйшла ў 1974 годзе і за амаль чатыры дзесяцігоддзі ніколі не пашкадавала аб сваім выбары. “Спачатку паспрабавала сябе ў ролі паштальёна – і зразумела: гэта прафесія мне падабаецца. Як не любіць сваю работу, калі яна патрэбна людзям, калі я магу дапамагчы іншым! Паштальёна чакаюць з нецярпеннем і сустракаюць з усмешкай. Я заўсёды вельмі перажываю за сваю работу. Мне пашчасціла працаваць у вельмі добрым калектыве. Начальнік нашага аддзялення Наталля Палонская – залатой душы чалавек, кожнаму дапаможа, дасць параду”, – расказвае Т. Марозава.
Для сяльчан паштальён – лепшы сябар і памочнік. Разам з часопісамі, газетамі і лістамі Тамара Францаўна прыносіць сваім абанентам прадукты. І аднавяскоўцы, і жыхары суседніх вёсак не шка­дуюць для Тамары Марозавай, дарэчы, вельмі сціплай жанчыны, добрых слоў.

почтальон
Ніякія навінкі тэхнічнага прагрэсу ніколі не заменяць цеплыні і ўвагі паштальёна, які падчас становіцца самым блізкім чалавекам, асабліва для старых людзей. Радасныя весткі ад родных, любімыя газеты і часопісы жыхарам вёскі Руміна прыносіць Таццяна Стульба, паштальён паштовага аддзялення Панізоўе. У працоўнай кніжцы Таццяны Леанідаўны таксама пазначана толькі адно месца працы. Хто ведае, як бы склаўся лёс ура­джэнкі Сенненшчыны, калі б яна не трапіла на Аршанскую зямлю, а пасля, у 1982 годзе, не прыйшла ў паштовае аддзяленне Панізоўе. Аб тым, што абрала для сябе даволі няпростую прафесію паштальёна, Таццяна Стульба не шкадуе. У жніўні яна адзначыла 55-годдзе, але пакуль не спяшаецца развітвацца з калегамі і аднавяскоўцамі, бо сэрца яе аддадзена любімай справе. У кожным доме заўсёды рады бачыць Таццяну Леанідаўну. Жыхары Руміна зазначаюць, што не знойдуць другога такога паштальёна. Самае галоўнае ў прафесіі, лічыць Т. Стульба, – гэта сумленнасць. Паважаюць Таццяну Леанідаўну і ў калектыве паштовага аддзялення, якое ўзначальвае Наталля Цыганкова.
У Сусветны дзень пошты адзінаццаць працаўнікоў Аршанскага РВПС, у тым ліку Таццяна Стульба і Тамара Марозава, атрымаюць ганаровае званне “Ветэран працы” РУП “Белпошта”. Ваша работа сапраўды патрэбная людзям. Колькі б гадоў ні прайшло, паштальёнаў заўсёды бу­дуць чакаць у кожным доме як самых дарагіх гасцей.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий