Чараўніца рукадзелля – Райса Раісаўна

Вось яно як часцей за ўсё бывае, жывеш, працуеш і з-за штодзённай мітусні нават не заўважаеш, што побач з табой, у адным калектыве, ёсць таленавітыя творчыя асобы, якімі трэба ганарыцца. Напрыклад, не многія з работнікаў ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва г. Оршы” ведалі, што іх супрацоўніца Райса Раісаўна Губарава – сапраўдная чараўніца-рукадзельніца па вышыванні.

Пераканала іх у гэтым персанальная творчая выстава Райсы Раісаўны пад назвай “Чараўніцтва рукадзелля”, якая прайшла ў тэрытарыяльным цэнтры. Адвесці вачэй ад работ аўтара было немагчыма, як і выбраць з іх самую лепшую – кожная кранала чымсьці сваім. На выставе было прадстаўлена каля 20 твораў. Тут можна было ўбачыць яркія, насычаныя колерамі, пейзажы, непаўторны жывёльны свет, не застаўся без увагі і чалавек. Некаторыя з работ, калі не прыглядацца, нагадваюць сабой фотаздымкі, напрыклад, “Малыш”, “Пластыка”. Асабліва ўразілі ўсіх карціны “Позірк” – бяздонныя, колеру марской хвалі, вочы, “Агонь і лёд” – чырвонасіні конь, апошняя з работ Райсы Раісаўны, уладальніцай якой стане яе дачка, і многія іншыя.

Займаецца Райса Раісаўна вышываннем ужо на працягу шасці гадоў, хаця азы гэтага майстэрства атрымала яшчэ ў дзяцінстве. Але на той час яно не вабіла так, як зараз. Пазней з’явілася сям’я, дзеці, а разам з імі і больш клопатаў і брацца за іголку з ніткай ужо не было калі. Цяпер, прызнаецца Райса Губарава, дзеці выраслі, жы-вуць асобна. І хоць вольнага часу не сказаць, каб стала значна больш, тым не менш, для вышывання Райса Раісаўна яго знаходзіць і сумяшчае з працай. Бо прыкіпела да любімага занятку ўсёй душой – дастаткова было толькі паспра-баваць. Не раз заседжвалася аж да ночы за вышываннем нават пасля нялёгкага працоўнага дня. А які гэта складаны і доўгі занятак, думаю, вядома многім. Не заўсёды і атрымліваецца ўсё гладка. Калі-нікалі прыходзіцца выпраўляць “памылкі”, што адымае значна больш часу. Але здараюцца такія хібы ў нашай рука-дзельніцы нячаста. Вышыванне было і ёсць для Райсы Губаравай найлепшым адпачынкам, які заўсёды прыносіць ёй душэўную раўнавагу. Вышывае яна ў асноўным крыжыкам. З гадамі асвоіла яшчэ і вязанне, але перавагу аддае ўсё ж першаму захапленню.

Многіх работ у Райсы Губаравай сёння ўжо няма. Шмат чаго падарыла дзецям, сваякам і знаёмым. Так, некаторыя карціны на сёння знаходзяцца ў Расіі і нават Германіі. Завяршыўшы чарговую работу, Райса Губарава адразу намячае, для каго яна стане падарункам. І толькі адзін раз за свой творчы перыяд аршанская рукадзельніца, можна сказаць, прадала адну са сваіх карцін – “Мону Лізу”. Нягледзячы на тое, што Райса Раісаўна зга-дзілася яе проста падарыць, пакупнік усё ж пакінуў грошы.

Райса Губарава лічыць, што навучыцца вышываць можа кожны. Было б толькі жаданне. Таму ўсім, наведаўшым выставу, аўтарка шчыра прапаноўвала сваю дапамогу ў асваенні новага віду мастацтва. Дарэчы, гэта не першая выстава нашага творцы, яе работы экспанаваліся ўжо ў Міёрах. Запрашалі Райсу Губараву і ў Гродна, бо не заўважыць такога таленавітага чалавека немагчыма.

Трапіўшы на творчую выставу супрацоўніка тэрытарыяль-нага цэнтра Райсы Раісаўны Губаравай, апынаешся ў свеце яе рукадзельнай прыгажосці і разумееш, якую ўсё ж непаўторную прыгажосць могуць ствараць чалавечыя рукі.

А. ШУРДУКОВА

Добавить комментарий