Водная экспедыцыя “З Уладзімірам Караткевічам ад Оршы да Рагачова”

Уладзімір Караткевіч

Ад нашага горада да Рагачова па Дняпры крыху больш за 300 км. Каб пераадолець гэту адлегласць на надзіманым катамаране, пад пякучымі промнямі сонца, удзельнікам воднай экспедыцыі “З Уладзімірам Караткевічам ад Оршы да Рагачова” спатрэбілася шэсць дзён. Менавіта так прыхільнікі таленту Уладзіміра Сяменавіча вырашылі ўшана-ваць памяць нашага знакамітага земляка.

Маршрут абралі нездарма: Рагачоўшчына займае асаблівае месца ў творчым лёсе Уладзіміра Караткевіча, яна стала для пісьменніка тым, чым былі Міхайлаўскае для Пушкіна ці Акопы для Янкі Купалы. Там жылі яго бабуля Ганна і дзед Васіль Грынкевіч, які стаў прататыпам некаторых герояў у творах унука. Менавіта ў Рагачове напісаны раман “Каласы пад сярпом тваім”, апавяданні “Паром на бурнай рацэ”, “Дрэва вечнасці” і навела “Ладдзя роспачы”, якая распавядае пра сярэдневяковага жыхара Рагачова Гервасія Выліваху. Пісьменнік лічыў, што гэты твор з’яўляецца найбольш удалай спробай “паказаць абагульнены характар беларуса, якому і чорт не брат, якога і смерць не пужае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не ўступіць у барацьбе за іх”.

Арганізатарам падарожжа выступіў Генадзь Міхайлавіч Шэпелеў. Ён – турыст са стажам, прайшоў Карэлію, Карпаты, Каўказ, але ў краязнаўчую вандроўку адправіўся ўпершыню. Менавіта таму адчуваў хваляванне. Маршрут быў складзены загадзя, задумка прайсціся па маляўнічых мясцінах з’явілася яшчэ два гады назад, калі састаялася аўтамабільнае падарожжа ў Рагачоў. Пад час экспедыцыі Г. Шэпелеў узяў на сябе няпростую ролю капітана. Шасцёра ванд-роўнікаў прайшліся па воднай тэрыторыі трох абласцей: Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай. Пад час экспедыцыі рабіліся прыпынкі, праводзіліся літаратурныя сустрэчы. Першымі гасцей з Оршы сустракалі жыхары Ляўкоў. Катамараны вандроўнікаў можна было заўважыць здалёк: харугва з гербам нашага горада горда развівалася на ветры, а над Дняпром плылі вясёлыя песні. На другі дзень да экспедыцыі далучыўся новы ўдзельнік. Ім стала маленечкае кацяня, крык якога быў чутны вельмі далёка. Выбіраць мянушку доўга не прыйшлося – Кінулі, як ў творы Караткевіча. Праўда, доўга ў ролі вандроўніка яму быць не давялося. Хутка экспедыцыя прыстала да Магілёва, дзе кацяня знайшло гаспадара. На беразе гасцей прывітала песняй беларускі бард  Кася Камоцкая. Дарэчы, муж спявачкі рэжысёр Віктар Корзун зараз працуе над фільмам пра Караткевіча.

Адзіным, што не давала спакою ўдзельнікам экспедыцыі, было спякотнае надвор’е. Да таго ж, на трэці дзень ісці стала складаней,  бо плынь Дняпра станавілася больш павольнай. Таму каманда прыняла рашэнне ісці ноччу. Канешне, рызыка была вялікая. Плыць даводзілася толькі пад святлом ад месяца, а ў вадзе маглі сустракацца і таплякі, гэта значыць дрэвы, якія ляжалі ў рацэ, і старыя перасохлыя руслы, трапіўшы ў якое, было лёгка заблудзіць і страціць каштоўны час. Нельга не здзівіцца, але нават у самых глухіх мясцінах позна ноччу экспедыцыя знаходзіла дапамогу ў рыбакоў, якія невядома як там апынуліся. Але ж якая асалода плыць, калі  на небасхіле блішчаць мільёны зорак, калі на ва-дзе бачны адбітак поўні, калі паветра такое свежае! А раніцай даво-дзілася ісці праз туман. Тут мімаволі адчуеш сябе героем твораў Караткевіча, які такія сітуацыі апісваў неаднойчы.

У адну з начэй, прыблізна ў 3 гадзіны, вандроўнікі прыйшлі ў Азярышча. Гэта вельмі прыгожая мясціна з цудоўнымі даляглядамі. Калісьці Уладзі-мір Сямёнавіч стаяў ля берага Дняпра, а ў яго думках нараджаліся радкі: “Груша цвіла апошні год…” Так пачынаюцца знакамітыя “Каласы пад сярпом тваім”. Сёння прыкладна на тым месцы, дзе калісьці расла тая самая груша, пастаўлены камень з шыльдай, на якой змешчаны запеў да рамана.

Фінальнай нотай воднай экспедыцыі стаў “круглы стол” у Рагачове, пад час якога ўдзельнікі расказалі пра падарожжа і падзяліліся сваімі ўражаннямі. У Рагачове таксама помняць і шануюць асобу Уладзіміра Сямёнавіча. Шмат намаганняў у гэтай справе прыкладае дырэктар Музея народнай славы Андрэй Іванавіч Чарняўскі. Адна з вуліц горада носіць імя Караткевіча, а каля дома, дзе жыў пісьменнік, хутка з’явіцца адпаведная шыльда. Ёсць яшчэ адна мара ў рагачоўскіх прыхільнікаў таленту нашага земляка – зрабіць помнік Гервасію Выліваху. У горадзе аб’яўлены конкурс, на галасаванне выстаўлены тры макеты. Дэлегацыя з Оршы таксама пакінула свае пажаданні.

Шэсць дзён праляцелі як адно імгненне. Але ўспамі-наць пра падарожжа яго ўдзельнікі будуць яшчэ доўга. І хто ведае, можа ў наступным годзе яны адправяцца ў вандроўку па Прыпяці, рацэ, якую так любіў Караткевіч.

М. СЯМАШКА

Добавить комментарий