У чэрвені ў Оршы здарыўся бэбі-бум

У Аршанскім гарадскім радзільным доме зноў святочны настрой. За мінулы тыдзень на свет з’явіліся тры двойні, а неўзабаве яшчэ чатыры мамачкі стануць шчаслівымі “ў квадраце”.

IMG_9271Двойчы бусел усміхнуўся аршанкам Таццяне Крышталь, Марыне Гладкай і Вользе Гурынай. У мінулы панядзелак у 00.50 і 00.53 на свет з’явіліся Ільюша і Кіруша. Цяпер Таццяна Міхайлаўна – шматдзетная маці. Дома матулю чакае старэйшы сынок Руслан, якому ўсяго год і два месяцы. Крыху больш, чым праз суткі – трэцяга чэрвеня ў 17.27 і 17.30 – Марына Гладкая падарыла сямігадовай дачцэ Дзіяне брацікаў Леона і Станіслава. А вось у сям’ю Вольгі Гурынай бусел завітаў упершыню. У нядзелю, 8 чэрвеня, а дзявятай гадзіне вечара жанчына стала мамачкай двух сімпатычных хлопцаў. Зараз разам са шчаслівым татам выбіраюць доўгчаканым крывіначкам імёны. Ні ў каго са сваякоў Таццяны Крышталь не нараджалася адразу двое дзетак, Марына і Вольга зазначылі: і па мужчынскай, і па жаночай лініях былі двойні. Але ж асаблівага сакрэта, як стаць бацькамі двайнятак, падкрэсліваюць аршанкі, няма.
Шчасце сям’і – у дзецях – так лічаць мамачкі цудоўных хлапчукоў. Усяго ж на мінулым тыдні ў Аршанскім радзільным доме на свет з’явіліся 25 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак. Няхай жа маленькія аршанцы на радасць бацькам растуць здаровенькімі!

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий