Гісторыя ажывае ў музеі

Экскурсіі, турысцкія паходы, вывучэнне роднай старонкі, удзел у конкурсах і выступленні на канферэнцыях – усім гэтым жывуць выхаванцы гуртка “Юныя краязнаўцы”, які дзейнічае пры УА “Барздоўскі ДВПК д/с-СШ”. Яны – рамантыкі дарогі, жыццё якіх не стаіць на месцы. Вандроўкі, краязнаўства – прыемны і карысны адпачынак. Год за годам школьнікі адкрываюць для сябе новыя далягляды, падчас падарожжаў вывучаюць сваю Радзіму, яе мінулае і традыцыі, збіраюць экспанаты для школьнага музея “Гісторыя роднай вёскі”.

Сёлета гурток адзначае сваё 30-годдзе, тут займаецца ўжо трэцяе пакаленне вучняў. 1 верасня 1980 года на працу ў Барздоўскую школу прыйшоў выпускнік гэтай навучальнай установы Валерый Георгіевіч Пячонкін, які з дзяцінства захапляўся краязнаўствам. Малады педагог заразіў сваім энтузіязмам вучняў, у школе пачаў працаваць гурток “Юныя краязнаўцы”. Дзеці разам з кіраўніком аб’ездзілі не толькі ўсю Беларусь, але пабывалі і ў Маскве, Санкт-Пецярбурзе, Рызе, Валгаградзе, убачылі гарады “залатога пярсцёнка” Расіі. Але перш за ўсё, вучням было цікава даведацца пра гісторыю роднага краю. Па дадзеным архіўных дакументаў, Барздоўцы больш за 300 гадоў. Школьнікі шукалі цікавыя экспанаты і прыносілі іх у кабінет геаграфіі, дзе быў створаны этнаграфічны куток. 8 гадоў вучні і настаўнікі збіралі старажытныя рэчы, нарадзілася ідэя адкрыць музей. 22 красавіка 1988 г. экспазіцыю ўбачылі першыя наведвальнікі. За 22 гады ў музеі “Гісторыя роднай вёскі”, кіраўніком якога з’яўляецца Валерый Георгіевіч Пячонкін, пабывалі сотні людзей, у кнізе запісаў – палымяныя словы навукоўцаў з Акадэміі навук, Віцебска, іншых рэгіёнаў. У дзень адкрыцця ў школьным музеі знаходзілася 126 экспанатаў, сёння іх колькасць значна большая. Экспазіцыя складаецца з дзевяці раздзелаў: “Наша вёска ў нацыянальных архівах”, “Куток беларускай хаткі”, “Рамёствы нашых продкаў”, “Аб чым расказваюць манеты”, “Так пачынаўся наш калгас”, “Нашы землякі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”, “Яны вучыліся ў нашай школе”,  “Летапіс гісторыі роднай школы”, “Свет нашых захапленняў”. Прыцягваюць увагу этнаграфічныя аб’екты: ручнікі і абрусы, якія ўручную ткалі нашы бабулі, адзенне, што раней насілі нашы продкі, старажытныя посуд і грошы… Згодна звестак, некалі ў вёсцы была вінная лаўка. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што знаходзілася яна на тэрыторыі сённяшняга прышкольнага ўчастка. Кожны год вучням тут трапляюцца манеты, якія датуюцца ХVII стагоддзем і больш познім часам. Экспанаты ў музей прыносяць не толькі вучні і настаўнікі, дапамагаюць у гэтай справе і мясцовыя жыхары. Так у музей трапіла старадаўняя сякера, якая “прымала ўдзел” у Аршанскай бітве і была знойдзена ля вёскі Браздзетчына. Цікава паглядзець і на крамянёвае скрабло для апрацоўкі скур забітых жывёл – археалагічны помнік часоў каменнага веку, экспанату каля пяці тысяч гадоў. Жыхар в. Баяры Мікалай Палячынскі падарыў дыплом, якім яго дзед быў адзначаны за воінскую службу. Дыплому больш за сто гадоў! Дэвіз кіраўніка музея: “Гісторыя без белых плямаў” – раздзяляюць і яго пераемнікі. Вучні Барздоўскага ДВПК д/с-СШ вядуць далейшую пошукавую работу па вывучэнні роднага краю. Школьнікі збіраюць легенды і паданні малой Радзімы, з вуснаў старажылаў запісваюць народныя песні, вывучаюць мясцовыя абрады. Некаторыя з гэтых матэрыялаў увайшлі ў раённыя і абласныя зборнікі фальклору. Сёння барздоўскія вучні літаральна па крупінках збіраюць матэрыялы пра былога настаўніка рускай мовы і літаратуры Вараб’ёва Ягора Паўлавіча, які прапаў без вестак  у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Школьны музей і ўдзельнікі гуртка “Юныя краязнаўцы” адзначаны дзесяткамі ўзнагарод за перамогі ў раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. У мінулым годзе вучні прадставілі на суд журы рэспубліканскага конкурсу “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” карту-схему “Знакамітыя мясціны Аршанскага раёна”. Работа была адзначана раённым аддзелам адукацыі, абласным -упраўленнем адукацыі і Міністэрствам адукацыі. На базе музея праводзіліся краязнаўчыя канферэнцыі і семінары розных узроўняў. У планах кіраўніка В. Г. Пячонкіна – адрадзіць сваё “дзецішча”, каб музей па мастацкаму, навуковаму, эстэтычнаму густу адпавядаў сучасным патрабаванням, вярнуць яму былую славу. Сёння ў музеі праводзіцца рамонт. На жаль, калі ён скончыцца, невядома, бо нялёгка знайсці сродкі. Тым не менш, гэта будзе ўжо трэцяе адраджэнне экспазіцыі.

…Гісторыя – нібы нітачка, якая злучае пакаленне з пакаленнем, нібы часцінка душы кожнага з нас. Без ведання мінулага яна запаўняецца пустатой. Гісторыю трэба ведаць і помніць кожнаму чалавеку, каб пабудаваць шчаслівую будучыню без крывавых плямаў і былых памылак, з мірным небам. Дзеля гэтага і ствараюцца спецыяльныя месцы для захавання спадчыны. Музей – невялічкі сусвет, дзякуючы якому мы можам дакрануцца да гісторыі, адчуць подых тых часоў.

МАРЫНА СЯМАШКА

Фота аўтара

Добавить комментарий