Зимний спортивный праздник для жителей всего района прошел в Устье

У зімовым раённым спартыўным свяце ў аграгарадку Вусце ўзялі удзел 17 каманд з колькасным складам у 315 чалавек. Арганізатарамі традыцыйнага мерапрыемства выступілі Аршанскі райвыканкам, аддзел па фізічнай культуры, спорту і турызму, аддзел культуры райвыканкама і раённы камітэт прафсаюзаў работнікаў АПК.

Спартсмены Аршанскага раёна, вас чакаюць новыя старты!

Як аказалася, самым распаўсю­джаным і любімым відам спорту сярод жыхароў Аршанскага раёна з’яўляюцца лыжы. Уласныя здольнасці тут праяўлялі прадстаўнікі ўсіх узростаў. Адметна, што ў спартыўным свяце пераважную большасць склалі маладыя прыхільнікі здаровага ладу жыцця. У сваім уступным слове да прысутных перад пачаткам спаборніцтваў першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання выканкама Андрэй Канстанцінаў павіншаваў спартсменаў са святам, нагадаўшы пра высокія дасягненні ў спорце ўраджэнцаў Аршанскага раёна. Гэта сусветна вядомыя імёны выхаванцаў дзіцяча-спартыўнай школы Таццяны Шараковай, Наталлі Міхневіч, Аляксандра Кучынскага і іншых. Сёння кожны жыхар Аршанскага раёна пры жаданні можа рэалізаваць сябе ў розных відах спорту: на Аршаншчыне працуюць два фізкультурна-аздараўленчых комплексы, больш за 20 спартыўных залаў, 10 футбольных палёў, больш за 40 спартыўных пляцовак і г. д. Традыцыйнымі сталі і міжрэгіянальныя спаборніцтвы на базе Бабініцкага ФОКа інвалідаў-калясачнікаў. Не менш знакамітыя і юныя хакеісты з Зубава. Кожнае дасягненне спартсменаў – гэта чарговая старонка ў спартыўным летапісе раёна. Андрэй Вітальевіч пажадаў удзельнікам спаборніцтваў поспеху і ўдалых стартаў.

Лыжныя спаборніцтвы праводзіліся па пяці ўзроставых групах. Згодна з палажэннем аб правядзенні “Беларускай лыжні”, у гэтым відзе спорту прымалі ўдзел кіруючыя работнікі арганізацый, прадпрыемстваў, акцыя­нерных таварыстваў і навучальных устаноў Аршанскага раёна. Лыжныя гонкі для жанчын былі працягласцю 1,5 км, для мужчын – 3-1,5 км. Апошняя лічба для мужчын узростам ад 59 і больш гадоў. Барацьба за перамогу тут была вострай і напружанай. Кожная каманда старалася зарабіць як мага больш ачкоў, каб “выбіцца” ў лідэры. Вось прозвішчы тых, каму на лыжні сёлета ўсміхнулася ўдача. Жанчыны да 30 гадоў: Таццяна Кандрашова з птушкафабрыкі, Настасся Конышава са Смальянскага дзяржаўнага агракаледжа і Яна Бяляцкая з раённага аддзела адукацыі; жанчыны ва ўзросце 30-39 гадоў: Юля Плавінская з агракамбіната “Юбілейны” і Алена Шыбека з Высокскага ліцэя; ва ўзроставай катэгорыі 40-49 гадоў пераможцамі сталі: Мая Быкава з ДП “СГЦ “Задняпроўскі”, Людміла Арлова з раённага аддзела адукацыі і Таццяна Сліжова з ДАК (Смальяны); Таццяна Літвінава з ДПЛ (Высокае) заваявала перамогу сярод лыжніц у катэгорыі 50-59 гадоў. У мужчын таксама выйшлі наперад самыя вынослівыя і найбольш падрыхтаваныя фізічна. Гэта малады спецыяліст Павел Кірымаў з раённага аддзела адукацыі, Юрый Трыбушэўскі з райвыканкама і Павел Пашкоўскі з завода ЖБВ, катэгорыя да 30 гадоў.

Не менш напружанай была бараць­ба за лідэрства і сярод лыжнікаў ва ўзросце 30-39 гадоў. Тут хутчэй за ўсіх да фінішу прыйшлі Павел Есмуханаў (ДП “СГЦ “Задняпроўскі”), Уладзімір Мурашка – ААТ “Птушкафабрыка Аршанская” і Уладзімір Кузьмінаў з раа. Ва ўзроставай катэгорыі 40-49 гадоў перамогу завая­валі Вячаслаў Вадзяніцкі (ДП “СГЦ “Задняпроўскі”), Ігар Вайцяховіч – ААТ “Агракамбінат “Юбілейны” і Андрэй Куляеў з раённага выканаўчага камітэта. З добрага боку паказалі сябе таксама прадстаўнікі лыжнага спорту, катэгорыя 50-59 гадоў; Сяргей Шчэрба з раа, Васіль Зінковіч з СВК “Ларынаўка” і Аляксандр Валадзько з ААТ “Птушкафабрыка Аршанская”. Завяршыў эстафету “Беларуская лыжня-2011” прадстаўнік катэгорыі 60 і старэй Аляксандр Вавінскі, які паказаў найлепшы вынік прабегу.

Апрача лыжных эстафет, спартсмены змагаліся за прызавыя месцы ў хакеі з шайбай, міні-футболе на снезе, гіравым спорце і перацягванні каната. У гэтых відах спорту лідэрства размеркавалася наступным чынам. Сярод хакейных каманд на першым месцы аказаліся прадстаўнікі ААТ “Купалаўскі”, другое месца заваявалі хакеісты БелДРЭСа, а на трэцюю прыступку падняліся іх сапернікі з СЛК “Днепр”, што ў Копысі. Вельмі хацелі выйсці ў пераможцы футбалісты са Смальянскага ДАК, аднак перамога тут дасталася самым падрыхтаваным камандам: ААТ “Юбілейны”, ААТ “Экамол” і ДП “С/х э/б “Вусце”. Дарэчы, прадстаўнікі працоўнага калектыву ААТ “Юбілейны” паказалі высокія вынікі ў пяці з шасці відаў спаборніцтва. У перацягванні каната мацнейшымі былі прызнаны – ДПЛ (Высокае), другімі – ААТ “Юбілейны” і трэцімі – сілачы з УСГП “Смальяны”. Памераліся сілай і гіравікі. Першае месца адстаяла каманда ДПЛ (Высокае), другое – ДП “СГЦ “Задняпроў­скі” і трэцяе – ААТ “Юбілейны”. А ў агульнакамандным заліку першынство размеркавалася наступным чынам: ДПЛ (Высокае), ААТ “Юбілейны” і ДП “СГЦ “Задняпроў­скі”. Узнагароджанне каманд-пераможцаў кубкамі, Ганаровымі граматамі і прызамі забяспечыў аддзел па фізкультуры, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама і РК прафсаюзаў работнікаў АПК.

Спартыўныя спаборніцтвы су­праваджаліся цікавай і разнастайнай культурнай праграмай, а работнікі Аршанскага райпа частавалі ўдзельнікаў свята разнастайнымі прысмакамі. Найбольш запатрабаванымі ў суботні ветраны дзень былі гарачая гарбата і кава.

Свята ў аграгарадку Вусце вызначыла самых лепшых спартсменаў, тых, хто надае заняткам спортам вялікую ўвагу, шмат часу займаецца рознымі яго відамі. Спадзявацца на перамогу аматарам цыгарэт і піва не было ніякага шанцу. Тым не менш, наперадзе цэлы год, каб падрыхтавацца да наступнага спартыўнага свята, да чарговай “Беларускай лыжні”. Спартсмены Аршанскага раёна, вас чакаюць новыя старты!

Ліна ГАТОЎСКАЯ.

Добавить комментарий