Как откармливают животных на сельхозпредприятиях в Орше

Удача ўсміхаецца шчырым і добразычлівым, а яшчэ яна любіць працавітых, аптымістычна настроеных лю­дзей. Менавіта такой, на мой погляд, з’яўляецца Алена Міхайлаўна Вінакурава (на здымку), аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы ААТ “Маяк Высокае”, сціплы і добразычлівы чалавек, лаўрэат “Чалавек года Віцебшчыны”.

Разам з іншымі прадстаўнікамі розных галін народна-гаспадарчага комплексу Віцебскай вобласці яна была адзначана ў ліку лепшых работнікаў, атрымала з рук старшыні Віцебскага аблвыканкама А. Косінца дыплом, нагрудны знак, шыкоўны букет кветак, грашовую прэмію і ўсеагульнае прызнанне грамадскасці. З гэтай нагоды шчаслівая і расчуленая Алена Міхайлаўна давала інтэрв’ю, а па дарозе дамоў ужо пазначала планы на будучыню: не знізіць паказчыкі па прывагах, а наадварот – дасягнуць большага. Адным словам, быць годнай ганаровага звання. Пра Алену Міхайлаўну і яе сябровак па працы я распавядала чытачам летась. І мне вельмі прыемна, што мая чарговая сустрэча з гэтай абаяльнай жанчынай адбылася пры такіх знакавых абставінах.

На прадпрыемстве Алена працуе сем гадоў. За гэты час яна дабілася высокіх вынікаў у працы, а калі дакладней, то прывага на кожнага з 730 бычкоў на адкорме па выніках 2010 года ў аператара склала па 994 грамы. Уклад Алены і яе сябровак па калектыву ў вытворчасць па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы ААТ “Маяк Высокае” – гэта 18-я пазіцыя ў агульнай табліцы вынікаў работы за мінулы год жывёлагадоўчых комплексаў 90 сельскагаспадарчых арганізацый краіны па вырошчванні і адкорме БРЖ (газета “Беларуская ніва” ад 8 лютага бягучага года, № 23).

Алена Міхайлаўна, а яна даглядае жывёлу ва ўзросце з шасці месяцаў да паўтара года, ахвотна падзялілася сакрэтамі сваіх дасягненняў. “Перш-наперш, гэта добрая кармавая база, клапатлівы догляд і рэгулярнае ветэрынарнае забеспячэнне. У рашэнні любых пытанняў мне заўсёды дапамагаюць кіраўнікі структурных падраздзяленняў комплексу на чале з Наталляй Іванаўнай Краўчанкай, адукаваным спецыялістам, прафесіяналам сваёй справы. Не магу не адзначыць начальніка перыяду Яўгенію Тарасаўну Жураўлёву і начальніка кармавой базы Святлану Віктараўну Самонаву, якія прыкладаюць шмат намаганняў, каб наш, адзін з буйнейшых у вобласці комплексаў, заўсёды выконваў і перавыконваў даведзеныя планавыя заданні. Безумоўна, стабільнасць жыцця­дзейнасці ўсяго комплексу – заслуга старшыні акцыянернага таварыства “Маяк Высокае”, вопытнага работніка аграпрамысловага комплексу Рыгора Вячаслававіча Фалько. Я адна нічога б не здолела”.

Тры разы на дзень замацаваны за комплексам аўтобус прывозіць сюды жывёлаводаў, сярод якіх і наша лаўрэатка. У свае віншаванні, адрасаваныя Алене Міхайлаўне, кожны з іх укладаў шчырасць, адчуваю­чы гордасць за гэтую невялічкага расточку жанчынку з моцным характарам. Не менш высокія пачуцці радасці і шчасця перажывалі і родныя людзі: муж Аляксандр і сын Георгій, студэнт Смаленскага ўніверсітэта. Ураджэнка Аршанскага краю Алена Вінакурава мае ўсе падставы дзеля таго, каб мы з вамі ганарыліся сваёй зямлячкай.

Ліна ГАТОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий