Малады вадзіцель СХФ «Смальяны» Уладзіслаў Карпушонак першым у вобласці перавёз тысячу тон зерня

Не першы год у перадавіках на хлебнай ніве малады вадзіцель на адвозцы зерня СХФ “Смальяны” ААТ “Аршанскі КХП” Уладзіслаў Карпушонак. Поспех для яго ўжо стаў заканамернасцю. Ён першы сярод моладзі на Віцебшчыне, а таксама ў Аршанскім раёне перавёз тысячу тон зерня.

Упэўненымі крокамі Уладзіслаў падбіраецца і да двухтысячнага рубяжа. Сёлетняя ўборачная кампанія для яго ўжо шостая па ліку. У любой справе без вытрымкі і ўпартасці ніяк, а ў хлебаробскай – тым больш, аднак вадзіцель у сваіх здольнасцях і сілах упэўнены. Як заўсёды, упарта ідзе да перамогі.
Учора Уладзіслава Карпушонка павіншавалі з працоўным поспехам галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Наследнікаў, выконваючы абавязкі першага сакратара абкама БРСМ Вячаслаў Хрол, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Станіслаў Кошкін, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аршанскага райвыканкама Юрый Трыбушэўскі, галоўны спецыяліст РК БРСМ Наталля Анісімава.

Усе госці падчас віншавання зазначалі, што моладзь Аршаншчыны моцна трымае перадавыя пазіцыі на жніве, прычым, не першы год. А вось Вячаслаў Хрол падкрэсліў, што на рэспубліканскім семінары-практыкуме, які на днях праходзіў на Гомельшчыне, як раз падкрэслівалася роля моладзі ў грамадстве, якая з’яўляецца не толькі нашым будучым, а, у першую чаргу, сучасным.
Уладзіславу Карпушонку госці ўручылі граматы і падзякі, падарункі і ад душы пажадалі новых поспехаў.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий