“Фарбы Курзэме”: выстава латвійскіх мастакоў працуе ў Оршы

У пахмурнае надвор’е не хапае яркасці? Аршанская гарадская мастацкая галерэя запрашае паглядзець на “Фарбы Курзэме”. Выстава праходзіць пры падтрымцы Консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску і Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

Традыцыйна ў абласным цэнтры ладзяць Дні мастацтва і культуры Латвіі. Спачатку “Фарбы Курзэме” ўбачылі наведвальнікі Віцебскага мастацкага музея. А цяпер выстава мастакоў горада Талсі прыехала ў Оршу. Пасля адправіцца ў арт-цэнтр імя Марка Ротка ў Даўгаўпілсе.

“Сёлета Латвійскай Рэспубліцы спаўняецца сто гадоў. І тое, што мы зладзілі выставу ў Оршы, – добры знак. Спадзяюся, што праект вам спадабаецца, – зазначыў на адкрыцці выставы Консул Латвіі ў Віцебску Угіс Скуя. – Каля трох гадоў таму Аршанскі райвыканкам і Талсінская акружная дума прадумвалі план супрацоўніцтва ў розных сферах. На жаль, пакуль пагаднення аб супрацоўніцтве рэгіёны не падпісалі. Мяркую, што ўсё намечанае атрымае працяг. Выстава – гэта своеасаблівая рэклама Талсі ў Оршы”.

Курзэме – гэта маляўнічая заходняя частка Латвіі, паўночная ўскраіна Курляндскага паўвострава.Толькі ўявіце сабе такі краявід: густыя лясы ўздоўж усёй дарогі ад берага Балтыйскага мора да адзінокіх высокіх маякоў і ціхіх рыбацкіх вёсачак. Калі едзеш па практычна бязлюднай дарозе Колкі-Венспілс, здаецца, што трапіў на край свету. За 120 кіламетраў ад Рыгі знаходзіцца горад Талсі. Вакол яго шмат азёраў і лясоў Талсінскага прыроднага парку. Маляўнічая мясцовасць натхняе творчых людзей. У горадзе дзейнічае талсінская група мастакоў, фотаклуб “Талсі” і асацыяцыя керамістаў.

Куратар выставы, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва ВДУ імя П. М. Машэрава Міхась Цыбульскі расказвае, што мастакі талсінскай групы – людзі рознага ўзросту, з рознай адукацыяй. “Аб’ядноўвае адно – яны неабыякавыя да таго, што бачаць навокал, – падкрэслівае Міхась Леанідавіч. – Талсінская група мастакоў арганізавалася дзякуючы шмат у чым супрацоўніцы мясцовага музея Гуне Мілерсоне. Яна ладзіць выставы, арганізуе пленэры, прапанавала гэты праект. Гуна марыла трапіць на адкрыццё выставы ў Оршы. Калі рыхтавалі экспазіцыю ў Віцебску, Гуна Мілерсоне і мастакі прыязджалі ў Оршу – так аўтары пабывалі ў вашым горадзе яшчэ да таго, як сюды прыехалі іх працы. Для аршанцаў гэта магчымасць пазнаёміцца з яшчэ адной латвійскай мастацкай школай. У галерэі ўжо экспанаваліся працы майстроў з Юрмалы. Зараз прыхільнікі мастацтва могуць пазнаёміцца з творчасцю прадстаўнікоў другога рэгіёну. Дамініруе, асабліва ў жывапісу, экспрэсіўна-абстрактная форма. І адначасова кожны твор мае тэму, рэальную падставу. Другая частка экспазіцыі – фотаздымкі. Гэта адбітак рэальнасці, падзеленай на фрагменты. Тыповае сучаснае ўспрыняцце мастацтва, постмадэрнісцкі ракурс, калі цікава ці разглядаць прадмет, ці прыслухоўвацца да ўласных эмоцый”.

Трынаццаць мастакоў працуюць у розных тэхніках – але ўсіх натхняе родная прырода. Менавіта яе майстры называюць галоўным настаўнікам. Халодная Балтыка вымушае адных мастакоў быць стрыманымі – і нардычны характар адчуваецца і ў на першы погляд панурых, змрочных палотнах. І ў той жа час іншыя майстры паказваюць нам яркія фарбы. Жывапіс, графіка, фатаграфія, інсталяцыя – кожны наведвальнік знойдзе сярод “Фарбаў Курзэме” тое, што блізка і зразумела.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий