Творчыя людзі

З надыходам веснавой пары пэўная частка гараджан рознага ўзросту на лета і выхадныя дні “мігрыруе” на свае дачныя ўчасткі, каб песціць агародныя і садовыя культуры, спадзеючыся на добры ўраджай, і каб з асалодай адпачыць на лоне прыроды. Для душы амаль кожны з іх вырошчвае кветкі, упрыгожвае ўчастак і сядзібу рознымі дэталямі прыкладнога характару: стылізаванымі фігуркамі жывёлін, персанажамі казак і мультфільмаў.

А вось жыхарка гарадскога пасёлка Балбасава Ларыса Аляксандраўна Сапега рэалізавала свае задумкі на агульнай дваровай тэрыторыі. Вынік атрымаўся нечаканы! На Ларысу Аляксандраўну “звалілася” слава. Цяпер гэтую жанчыну ведае не толькі кожны дарослы, але і ўся дзетвара пасёлка. Ды і як інакш, калі эксклюзіўныя вырабы народнай майстрыхі, якая з дапамогай добраахвотнікаў ператварыла зарослую травой з рэдкімі кветнікамі тэрыторыю вялікага двара паміж дамамі ў прыгожы куток, дзе сёння збіраюцца і старыя, і малыя.

Рэалізаваць свае планы мясцовая актывістка, старшыня жансавета ААТ “Аршанскі авіярамонтны завод”, а з гэтага года яшчэ і старшыня калегіяльнага органа грамадскага самакіравання г. п. Балбасава, Ларыса Сапега марыла даўно. Яе грамадская пазіцыя добра вядома балбасаўцам: унікаць ва ўсе праблемы, стараючыся вырашыць іх пазітыўна, з карысцю для справы. З наданнем статуса кіраўніка калегіяльнага органа грамадскага самакіравання магчымасці Ларысы Аляксандраўны істотна пашырыліся, бо цяпер яна ад імя грамады змагаецца з мясцовамі недахопамі. А спраў, па словах маёй гераіні, якая некалькі гадоў была старшай па дому, навакол хапае. Узяць хаця б неблагана­дзейныя сем’і або падлеткаў з няпростым лёсам, добраўпарадкаванне ці санітарны стан дваровых тэрыторый.

Дарэчы, пра добраўпарадкаванне. Каб зрабіць з камянёў прыгожую рэптылію – кракадзіла, спатрэбіліся жаданне і спадручны матэрыял, якога вакол хапала з лішкам. Ларыса Аляксандраўна працавала з натхненнем, і ў хуткім часе жывёліна ў натуральную велічыню ўжо грэлася пад веснавымі промнямі сонейка. Далей – болей. Тры лебедзя паважна застылі на мураве, там – чарапаха накіроўваецца да клумбы з кветкамі, непадалёк – вожык ашчэрыўся іголкамі, але, бадай, самым эфектным вырабам майстрыхі стаў вялізны рознакаляровы мятлік (глядзіце здымак майстра Л. Сапегі на апошняй старонцы газеты), які нібы магнітам прыцягвае да сябе дарослых і дзяцей (глядзіце здымак уверсе). Да дома №2, што па вуліцы Маладзёжнай, лю­дзі ідуць, каб сфатаграфавацца на памяць, падзівіцца на рукатворны цуд і… папрасіць умеліцу скапіраваць свае работы на іх дваровых тэрыторыях.

Заяўкі на выкананне работ ужо паступілі Ларысе Аляксандраўне і ад кіраўніцтва пасялковага савета, і ад кіраўніцтва ЖКГ. Па меркаванні майст­ра, зрабіць фігуркі – справа хоць і крапатлівая, але прыносіць найвялікшае задавальненне творцу, вось толькі хацелася б, каб яе паслядоўнікаў станавілася як можна больш. Ствараць маляўнічую карціну дваровай тэрыторыі Ларысе Аляксандраўне дапамагалі яе таварышы па працы – Марыя Ошава, Наталля Руль, Андрэй Ліпскі, Наталля Пахамовіч, Ірына Скуратава, Ірына Белавусава. Гэта яны разам з мужам майстрыхі, былым ваенным Іванам Сяргеевічам Сапегам, абразалі і размалёўвалі пустыя бутэлькі яркімі фарбамі, устанаўлівалі іх па эскізе. Віктар Свірскі і Валерый Паршын прывезлі камяні для будучых лебедзяў. Фарбу для работ выдзеліла ЖКГ Балбасава. Трэба адзначыць, што на прадпрыемстве ААТ “Аршанскі авіярамонтны завод” такіх, як Ларыса Сапега, шмат. Напрыклад, творчая струнка майстра аднаго з цэхаў Валерыя Плахоцкага дазволіла яму рэалізаваць свае задумкі і пераўтварыць тэрыторыю каля цэха ў маляўнічы, прывабны куток. І такіх, як гэтыя няўрымслівыя людзі, на нашай Аршанскай зямлі багата.

Што ж натхняе Ларысу Аляксандраўну на добрую справу дзеля агульнага задавальнення? Як прызналася майстар, гэта прырода і найвялікшае жаданне быць карыснай лю­дзям. “Наша жыццё пралятае імгненна і марнаваць яго на пустыя размовы, сядзенне без справы я не магу”, – прызнаецца Ларыса Аляксандраўна. Па сваёй натуры яна вельмі актыўны чалавек. Колькі сябе памятае, заўсёды была ў гушчыні падзей. Разам са сваімі аднадумцамі – старшынёй савета ветэранаў пасёлка Тамарай Азаравай, старшынёй прафкама прадпрыемства Галінай Дзянісавай, Ірынай Халепа, Наталляй Кавалёвай, Надзеяй Бяспалавай, Вольгай Ельскай, Аленай Канаваленкай, Галінай Бераставай – трымае мікраклімат жыццядзейнасці пасёлка пад пастаянным кантролем. А яшчэ Ларыса Аляксандраўна вельмі любіць спяваць­ і свой душэўны настрой, як салістка вакальнай групы “Сяброўка” ДК Балбасава, перадае землякам праз песню.

Вось так жыве і працуе простая жанчына, што зрабіла сваёй мэтай служэнне людзям. І няхай пакуль такіх, як яна, няшмат, але нездарма кажуць: малы залатнік, ды дарагі. Наперадзе шмат работы, грамадскіх задач, якія трэба вырашаць. Наперадзе – жыццё!

Ліна ГАТОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий