У аршанскім падполлі

Успомнім тых, хто легендай авеяны. Я. Крашаніннікаў («Ленінскі прызыў», № 141 (10.119), 7 кастрычніка 1966 года)

Мы пачынаем друкаваць матэрыялы Я. Крашаніннікава «У аршанскім падполлі» ў літаратурнай апрацоўцы журналіста Л. Сузіна. У іх многія чытачы сустрэнуцца са сваімі роднымі і блізкімі, даведаюцца аб іх подзвігах у стычцы з фашыстамі.

Прайшло 20 з лішнім год, як закончылася Вялікая Айчынная вайна. Страшэннай крывавай навальніцай уяўляюцца нам зараз тыя сотні і сотні дзён і начэй, патанаючых у гуле гармат і разрывах бомб, у стогнах і пакутах савецкіх людзей, што ўступілі ў смяротны паядынак з фашысцкай нечысцю.
Зноў у бязвоблачным небе ўсміхаецца сонца, чуецца вясёлы смех дзетвары, растуць светлыя гарады, квітнеюць сады, дзе жывуць шчаслівыя людзі.
Усё гэта здабыта нашай мужнасцю і адвагай, цаною жыцця многіх нашых бацькоў і братоў, маці і сясцёр, знаёмых, суседзяў, вядомых і невядомых байцоў вялікага фронту нянавісці да ворага.

Так, у нашых калонах мы сёння недалічваемся многіх блізкіх нам людзей. Яны загінулі, ідучы ў атаку на лютага звера, у засценках гестапа, не выдаючы катам партызанскіх сакрэтаў і тайны камуністычнага падполля, яны гінулі, вырываючы з грудзей свае сэрцы, каб запаліць факел змагання ў цемры нямецкай няволі.
«Нішто не забыта, ніхто не забыты», – гаворым мы сёння. З гэтымі словамі мы нясём у сабе рашучасць запаліць нязгаснай зоркай імя кожнага патрыёта, імя кожнага змагара, які не дажыў да светлага сённяшняга дня. Героі не паміраюць, іх народ вечна беражэ ў сваёй памяці.

Іменна з гэтай высакароднай мэтай працуе апошнія некалькі год пенсіянер Яўген Ніканавіч Крашаніннікаў, збіраючы звесткі аб аршанскім падполлі, вялікай партызанскай вайне ў нашым прыдняпроўскім краі. Узняты і дасканала апрацаваны сотні архіўных спраў, адбыліся сотні сустрэч з людзьмі, якія былі ўдзельнікамі барацьбы, пройдзены сотні кіламетраў па слядах гарачых баёў, тымі сцежкамі, па якіх хадзілі партызаны-заслонаўцы, падпольшчыкі.

(Працяг будзе.)
Падрыхтавала В. Мільто.