Першымі ў раёне дзве тысячы тон зерня намалацілі хлебаробы «Задняпроўскага»

Першымі на Аршаншчыне рубеж у дзве тысячы намалочаных тон зерня перасягнулі хлебаробы філіяла СГЦ “Задняпроўскі” ААТ “Аршанскі КХП” Аляксандр Камароў і Ілья Дудкін. Маладым тысячнікам у раёне стаў механізатар Ілья Лазарэнка, які на хлебнай ніве працуе толькі другі год. Яшчэ адзін тысячнік “Задняпроўскага”, Аляксандр Стаброўскі, прымаў віншаванні не толькі з нагоды поспеху на жніве. Стала вядома, што ён заняў першае месца ў вобласці ў спаборніцтвах па нарыхтоўцы зялёнай масы.

Механізатар Аляксандр Стаброўскі, экіпаж камбайнераў Аляксандр Камароў і Ілья Дудкін

– На нашым прадпрыемстве працуюць “залатыя” людзі – добрасумленныя, адказныя, адданыя сваёй справе спецыялісты, – гаворыць старшыня прафсаюзнага камітэта філіяла СГЦ “Задняпроўскі” Ніна Філіпенка. – Многія з іх прысвяцілі сваё жыццё сельскай гаспадарцы не адно дзесяцігоддзе, іншыя толькі робяць першыя крокі ў прафесію.
Экіпаж камбайнераў у складзе вопытнага аграрыя Аляксандра Камарова і дэбютанта Ільі Дудкіна атрымаўся вельмі ўдалы. Механізатар Аляксандр Андрэевіч сваю справу ведае дасканала, бо за яго плячыма багаты вопыт. Колькі пасяўных і ўборачных кампаній ён сустрэў у полі, адразу і не ўзгадае. Яго стаж у сельскай гаспадарцы налічвае 26 гадоў, апошнія з іх ён выбіваецца на жніве ў лідары. А вось для яго паплечніка, Ільі Дудкіна, усё толькі пачынаецца. Гэта яго першая ўборачная кампанія ў якасці памочніка камбайнера.

Малады хлебароб Ілья Лазарэнка

Малады чалавек сцвярджае, што работа ў полі – добры вопыт для далейшага станаўлення як спецыяліста. На прадпрыемстве ён працуе другі год, адначасова атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Ілья – будучы механік. Побач са старэйшым калегам Аляксандрам Камаровым ён многаму вучыцца. Намалот у дзве тысячы тон зерня лічыць добрым стымулам у рабоце. Цяпер ён па-сапраўднаму адчуў дух саперніцтва і ўжо разумее, што спыняцца на дасягнутым нельга.
Камбайнер Аляксандр Стаброўскі таксама не збіраецца збаўляць сваіх абаротаў. Тысячны рубеж ён ужо пераадолеў, зараз мэтанакіравана ідзе і да другой тысячы. Як, дарэчы, і малады хлебароб Ілья Лазарэнка.

– Першая зорачка на маім камбайне ўжо ёсць, – гаворыць Ілья і ўсміхаецца. – А я хачу, каб тут быў зорны россып. Разумею, што дабіцца гэтага няпроста, але буду вельмі старацца.

Пераможцаў хлебнай нівы павіншавалі старшыня Аршанскай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесіянальнага саюза АПК Станіслаў Кошкін, кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт філіяла СГЦ “Задня­п­роўскі”, а маладога камбайнера – яшчэ і прадстаўнікі раённага камітэта БРСМ. Аграрыям пажадалі поспехаў і добрага надвор’я, а таксама новых дасягненняў на жніве.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.