ЭКСКУРСІЙНЫ МАРАФОН

Юныя экскурсаводы музеяў (музейных пакояў) устаноў адукацый Віцебшчыны спаборнічалі ў прафмайстэрстве на абласным трохдзённым экскурсійным марафоне – II абласным конкурсе юных экскурсаводаў, які прайшоў у нашым горадзе, прысвечаным 70-годдзю з пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У конкурсе прынялі ўдзел 16 юных экскурсаводаў з Віцебска і Віцебскай вобласці, пераможцаў рэгіянальнага этапу конкурсу. Мерапрыемства праходзіла 12-14 мая на базе ДАСШ №12, мемарыяльнага музея Героя Савецкага Саюза К.С. Заслонава і Арэхаўскай сярэдняй школы. У ходзе экскурсійнага марафону трэба было не толькі прэзентаваць свае музеі і музейныя пакоі, прадставіўшы ўласныя распрацоўкі экскурсійных праграм, але і прадэманстраваць свае веды па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, эрудыцыю, крэатыўнае мысленне, уменне працаваць з аўдыторыяй, выкарыстоўваючы інтэрактыўныя і гульнёвыя тэхналогіі. Асноўнымі мэтамі правядзення конкурсу сталі павышэнне ўзроўню экскурсійнай і прапагандысцкай дзейнасці школьных музеяў, развіццё творчых здольнасцей юных экскурсаводаў, а таксама абагульненне перадавога вопыту работы музеяў.

Адкрыццё абласнога конкурсу адбылося на базе ДАСШ №12. Гасцямі ўстановы адукацыі сталі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Вера Андрэеўна Ятчанка і Міхаіл Антонавіч Раўгейша. Тут жа яшчэ да адкрыцця прайшоў псіхалагічны трэнінг “Давайце пазнаёмімся!” для навучэнцаў – удзельнікаў конкурсу і экскурсія па школьным музеі “Героі і подзвігі” для педагогаў-кіраўнікоў юных экскурсаводаў. У першы дзень марафону адбылася прэзентацыя інтэрактыўных экскурсійных праектаў “Музей у чамадане” – па прадметах і экспанатах з калекцыі таго ці іншага музея, змешчаных у чамадане экскурсавода. Юныя ўдзельнікі конкурсу павінны былі расказаць пра гістарычнае мінулае Віцебшчыны, яе герояў. Па завяршэнні першага этапу марафону канкурсанты і іх настаўнікі змаглі пазнаёміцца з экспазіцыяй музея лакаматыўнага дэпо. Не абышлося і без экскурсіі па горадзе Оршы. Далей у мемарыяльным музеі Героя Савецкага Саюза К.С. Заслонава экскурсаводаў чакаў літаратурна-музейны конкурс пад назвай “Рэха вайны”. На суд журы канкурсанты павінны былі прадставіць нумары мастацкай самадзейнасці на ваенную тэму.

Наступны дзень марафону адкрыла экскурсія па экспазіцыі названага вышэй музея. Пасля чаго распачаўся творчы конкурс “Экскурсійны экспромт” (на здымку). Удзельнікі за пэўны час павінны былі распрацаваць, а потым правесці ўласныя экскурсіі па раздзелах экспазіцыі мемарыяльнага музея.

Канкурсанты паказалі добрае веданне матэрыялу, уменне жыва і цікава данесці яго да слухача. Завяршыла конкурсную праграму віктарына-гульня “Краязнаўчая мішэнь”, якая патрабавала ад удзельнікаў трывалых ведаў пра Герояў Савецкага Саюза, ваенныя помнікі Віцебшчыны, узнагароды, віды стралковай зброі і іншае. Журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты па музейнай справе, прадстаўнікі аддзела адукацыі Аршанскага гарвыканкама, абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, абласнога аб’яднання па арганізацыі пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі, лепшым юным экскурсаводам назвала Ва­дзіма Раманоўскага (ДАСШ №12, г. Орша).

Другое месца заняла Варвара Ляхновіч (ДАСШ №1, г. Гарадок), трэцяе – Ганна Гурская (гімназія №3, г. Віцебск). Лаўрэатамі сталі Аляксей Латыш (Навадруцкая БШ-д/с) і Ксенія Рудэнка (гімназія №5, г. Віцебск). Многіх канкурсантаў журы адзначыла граматамі. Усім удзельнікам конкурсу супрацоўнікі музейнага комплексу прыпаднеслі памятныя сувенірныя вым­пелы, зробленыя майстрамі гарадскога Дома рамёстваў.

Пасля падвядзення вынікаў юных экскурсаводаў сустракаў пасёлак Арэхаўск, дзе вучні і настаўнікі Арэхаўскай сярэдняй школы падрыхтавалі канцэрт. Юныя экскурсаводы наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны пасёлка, якім паказалі лепшыя экскурсійныя праекты “Музей у чамадане”, пазнаёміліся з музеем БелДРЭС. Да магілы воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Ачыннай вайны, у Арэхаўску была ўскладзена гірлянда з яловых галінак. Пабывалі канкурсанты і ў в. Шалашына Дубровенскага раёна на месцы гібелі Героя Савецкага Саюза Ю.В. Смірнова. Падарункам для ўсіх удзельнікаў абласнога конкурсу на трэці дзень стала турыстычная паездка па маршруце “Орша-Магілёў-Буйніцкае поле-Орша”.

Арганізатарамі абласнога конкурсу юных экскурсаводаў выступілі ўпраўленне адукацыі Віцебскага абл­выканкама, абласное аб’яднанне па арганізацыі пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі, абласная арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, АК ГА “БРСМ”, музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны і абласное аддзяленне ГА “Беларускі фонд міру”.

Анжэла ШУРДУКОВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий