У госці да выратавальнікаў

У самы першы дзень прыбывання ў школьным спартыўна-патрыятычным лагеры “Зарніца”, што працуе на базе Якаўлевіцкай школы-садка, адпачываючыя адправіліся на экскурсію ў пажарную аварыйна-выратавальную часць №1 (на здымку).

Яны з уважлівасцю слухалі выратавальнікаў, якія падрабязна расказвалі пра сваю работу, з цікаўнасцю разглядвалі пажарныя машыны, спецыяльнае прыстасаванне.

Многія хлопчыкі і дзяўчынкі ўпершыню пачулі і ўбачылі, што на самой справе ўяўляе сабой выратавальная служба і як яна працуе.

– Школьны лагер “Зарніца” – кругласутачны, – расказвае начальнік лагера Вольга Дземідкова. – Тут адпачываюць дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Для іх запланавана багатая на розныя мерапрыемствы праграма. Рабятам не прыйдзецца сумаваць у гэтыя летнія дні. Штодзень для іх праводзяцца спартыўныя святы, забаўляльныя гульні, дабрачынныя акцыі, турыстычныя паходы. Дзеці жывуць у палатачным гарадку, для іх арганізавана пяціразовае харчаванне. Такім чынам яны вучацца сяброўству, узаемапаразуменню ў калектыве, вытрымцы ў складаных жыццёвых сітуацыях.

Намеснік начальніка пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Міхаіл Стручанкоў упэўнены, што такія экскурсіі вельмі карысныя, бо школьнікі знаёмяцца з рознымі прафесіямі, што, безумоўна, дапаможа ім у будучым зрабіць правільны выбар далейшага жыццёвага шляху.

Добавить комментарий