140-годдзе Янкі Купалы адсвяткавалі ў Ляўках

У мінулую суботу Аршаншчына сустракала шаноўных сяброў і ганаровых гасцей на свяце паэзіі ў Ляўках “Купала заўсёды ў сэрцы маім”. Яно было прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы.

Гасцей было шмат – гэта вядомыя пісьменнікі, паэты, публіцысты з Мінска, Віцебска, Магілёва, Оршы, Горак і Смаленска. На свята завіталі: паэты, празаікі, публіцысты, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Іванаўна Краснова-Гусачэнка, а таксама Іна Фралова, Ірына Карнавухава, Святлана Бахнова, Хрысціна Зайцава. Сустракалі і паэтаў з Магілёва: Жану Міус (Усцінаву), Алену Любчанка. Вядомыя пісьменнікі-землякі Сяргей і Галіна Трафімавы, якія пішуць навукова-папулярную літаратуру для дзяцей, запомніліся ўсім сваёй харызмай, а таксама энцыклапедычнасцю ведаў.

Прывітальнымі спевамі і духмяным караваем сустракалі ганаровых гасцей удзельнікі народнага калектыву народнай музыкі і песні “Выцінанка” на тэрыторыі Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Ляўкі”. Госці з пашанай прынялі каравай і з задавальненнем акунуліся ў атмасферу цудоўнага свята.

Вядома, што Аршанская зямля славіцца сваёй гасціннасцю. Духмянымі нацыянальнымі стравамі і прысмакамі гасцей мерапрыемства частавалі народныя аматарскія аб’яднанні – “Надзея” Андрэеўшчынскай сельскай бібліятэкі-клуба, ”Пралеска” Дачнінскай сельскай бібліятэкі, “Жаночыя сакрэты” Вусценскай сельскай бібліятэкі і народнае аматарскае аб’яднанне “Гаспадынька” Аршанскага раённага Цэнтра культуры.

Прывітальнае слова ад старшыні Аршанскага райвыканкама Ігара Ісачанкі зачытаў начальнік аддзела культуры Аршанскага райвыканкама Сяргей Гарбачоў. Віншаванні гучалі ад дырэктара літаратурнага музея Янкі Купалы города Мінска Ганны Галінскай і галоўнага спецыяліста аддзела работы ўстаноў сферы культуры Віцебскага аблвыканкама Зоі Гукавай.

Падчас мерапрыемства госці ў чарговы раз прайшліся сцежкамі-дарожкамі Купалы, дакрануліся да залацінак і россыпаў яго твораў, адчулі асалоду роднага слова.

Нечаканасцю для гасцей стаў выхад на сцэну дзвюх сціплых жанчын, якіх вядучыя аб’явілі так: унучка Якуба Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч – літаратуразнаўца, малодшы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі; праўнучка Якуба Коласа Васіліна Валер’еўна Міцкевіч – галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Жанчыны падзяліліся ўспамінамі аб тым, што на дзецішчы Купалы часта адпачываў іх продак – Якуб Колас.

На працягу свята каля помніка Янку Купалу былі прадстаўлены кніжныя выставы “Пясняр беларускай душы” Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы з творамі знакамітага песняра беларускага слова, якія карысталіся вялікім попытам у прысутных.

На галоўнай сцэне адбыўся святочны канцэрт дзяржаўнага ансамбля “Песняры”, народнага калектыву народнай музыкі і песні “Гагарынскія музыкі” і народнага хору Аршанскага гарадскога Палаца культуры “Орша”, які вызваў ва ўсіх прысутных самыя лепшыя ўраджанні і захапіў цудоўнай музыкай і спевамі.

Сваімі творамі Янка Купала і Якуб Колас узнялі беларускую літаратуру на сусветны ўзровень, выявілі незвычайную сілу і творчую моц беларускага слова.
Увогуле, святкаванне 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы адбылося на высокім арганізацыйна-творчым узроўні.

А. МАРОЗАВА,
галоўны бібліятэкар аддзела маркетынгу ЦБ імя А. С. Пушкіна.