У Ляўках прайшло свята паэзіі “Купала заўсёды ў сэрцы маім”

У Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Ляўкі” прайшло традыцыйнае свята паэзіі “Купала заўсёды ў сэрцы маім”, прысвечанае дню нараджэння беларускага класіка літаратуры.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Аршанскага раённага Савета дэпутатаў Анатолій Сільчанка, намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Калачоў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іна Крачак, прадстаўнікі дэлегацый Чырвонагвардзейскага раёна г. Санкт-Пецярбурга, Цверы, Смаленска, Вязьмы, Гагарына і Іванава, а таксама пісьменнікі з усёй Беларусі.

Удзельнікі народных аматарскіх аб’яднанняў “Надзея” Андрэеўшчынскай сельскай бібліятэкі-клуба, “Пралеска” Дачненскай сельскай бібліятэкі, “Жаночыя сакрэты” Вусценскай сельскай бібліятэкі і “Гаспадынька” Аршанскага раённага Цэнтра культуры частавалі гастей свята традыцыйнымі беларускімі стравамі і пачастункамі.

Работнікі мемарыяльнага запаведніка правялі для гасцей экскурсію па дачы Янкі Купалы, а таксама расказалі пра жыццё і творчасць беларускага класіка.

Майстры Аршанскага дома рамёстваў прадставілі выставу глінянага посуду, а работнікі цэнтральнай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна падрыхтавалі кніжную выставу твораў Янкі Купалы “З любоўю да роднага краю”.

У рамках святочнай праграмы на сцэне выступілі паэты з Віцебскай і Мінскай абласцей: старшыня Віцебскага абласнога саюза пісьменнікаў Тамара Краснова-Гусачэнка і член Саюза пісьменнікаў Канстанцін Нілаў,  паэты з Полацка Лідзія Піскун і Іна Саламаха, байкапісец Сяргей Красоў і іншыя. Яны чыталі вершы і ўрыўкі з твораў беларускага паэта, а таксама са свайго рэпертуару. Прымалі ўдзел у свяце паэзіі творчыя калектывы Аршанскага раёна. Найбольш цікавымі для гледачоў сталі творчыя нумары народных ансамбляў народнай музыкі і песні «Гагарынскія музыкі» и «ВыцiНанка».

Завяршылася свята канцэртам Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь імя М. Я. Фінберга. Артысты спявалі як сольна, так і вакальнай групай. Была выканана песня ў гонар лепшага сябра народнага паэта – Якуба Коласа.

А. ДАНЦОВА,
студэнтка 1 курса, факультэта журналістыкі БДУ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.