Літаратурнае спатканне

У Межаўскай агульнаадукацыйнай сярэдняй школе адбылася сустрэча з прафесійнымі літаратарамі горада Віцебска. Сярод іх былі: Франц Сіўко – празаік, лаўрэат прэміі імя У. Караткевіча; Міхась Мірановіч – паэт-гумарыст і перакладчык з польскай, украінскай і рускай моў, лаўрэат прэміі імя К. Крапівы; Лера Сом – паэтэса-бард.

Пісьменнікі любяць беларускую мову і імкнуцца данесці гэту любоў да кожнага чалавека праз багацце ўнутранага свету сваіх герояў, іх непасрэдную сувязь з сучаснасцю, праз актуальнасць узнятых праблем.

Сустрэча прайшла ў цёплых абставінах, нягледзячы на тое, што надвор’е было кепскае. Спачатку пісьменнікі падзяліліся ўражаннямі ад паездкі ў Швецыю, затым прачыталі свае літаратурныя шэдэўры.

Франц Сіўко загадваў дзецям загадкі са зборніка “Бяляшкі”, адгадкі навучэнцы давалі на беларускай мове.

Лера Сом зачытала свае вершы, якія былі адрасаваны дзецям старэйшага ўзросту. У кожных радках паэтэсы адчувалася любоў да роднай зямлі. Міхась Мірановіч падзяліўся кароткімі вершамі-фрашкамі. Дзеці з захапленнем і вяселымі ўсмешкамі слухалі паэта-гумарыста.

Майстры слова падаравалі кавалачак свайго сэрца кожнаму навучэнцу. Шкада, што такое спатканне адбываецца толькі раз у год. Але ж дзверы школы адчынены, і кожны вучань зноў чакае сустрэчы з пісьменнікамі.

Л. Тумінская,

намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Межаўскай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *