Шчасця шмат не бывае

…разважае матуля траіх дзетак, жыхарка вёскі Высокае Алена Аляксандраўна Каржыцкая. Сэнс яе жыцця – дачушкі Кацярынка і Настасся, сыночак Алежка. Разам з мужам Аляксандрам яна стараецца зрабіць усё, каб дзецям было ўтульна ў сям’і і яны адчувалі сябе шчаслівымі. Іх задаволеныя ўсмешкі і добры настрой – самы каштоўны падарунак для клапатлівых бацькоў Каржыцкіх.

Алена і Аляксандр ідуць разам па жыцці ўжо дзесяць гадоў, побач працуюць на ААТ “Маяк Высокае”. Яна – аператар машыннага даення, ён – жывёлавод. Дома таксама ўсё стараюцца рабіць разам, што, па меркаванні Алены Аляксандраўны, дапамагае яшчэ больш згуртаваць сям’ю.

Любую вольную хвіліну муж Аляксандр прысвячае дзецям, бо разумее, што яго роля ў выхаванні не меншая, чым роля маці. І пакуль Алена спраўляецца са сваімі штодзённымі хатнімі справамі, тата з Кацяй, Насцяй і Алегам знаходзяць разнастайныя карысныя заняткі. Але і хатняй работы дзеці не цураюцца. Старэйшая дачка Каржыцкіх – дзевяцігадовая Кацярына, і васьмігадовая Настасся з задавальненнем дапамагаюць матулі прыбрацца ў хаце, памыць посуд. Малодшы Алежка таксама стараецца быць самастойным, як сястрычкі. Хутка, упэўнена Алена Аляксандраўна, ён стане добрым памочнікам бацьку.

Сям’я Каржыцкіх ужо каля года абжывае новы ўтульны дом, выдзелены кіраўніцтвам ААТ “Маяк Высокае”. У прасторных пакоях месца хапае ўсім. На прысядзібным участку ёсць дзе разгарнуць гаспадарчую дзейнасць. Алена і Аляксандр вырошчваюць тут усю неабходную для вялікай сям’і гародніну: бульбу, агуркі, памідоры, капусту і іншае. Ёсць месца і кветкам, займацца якімі, па словах Алены Аляксандраўны, адно задавальненне. На наступны год Каржыцкія плануюць завесці куранятак, парсючкоў.

Кожны з нас укладвае свой сэнс у паняцце “шчасце”. Для шматдзетнай матулі Алены Каржыцкай яно заключаецца ў тым, каб Каця, Насця і Алег выраслі добразычлівымі, мэтанакіраванымі людзьмі і заўсёды адчувалі цеплыню роднага дома.

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: матуліна шчасце – дачушкі Кацярына і Настасся, сынок Алежка.

Добавить комментарий