За справу бярэцца моладзь

Маладыя механізатары Аршанскага раёна Уладзімір Склязноў і Сяргей Фралоў.

Тры дні на базе Аршанскага раёна, а дакладней, Высокскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці маладыя механізатары Віцебшчыны высвятлялі, хто лепшы ў сваёй прафесіі.

Конкурс прафесійнага майстэрства ў нашай вобласці аддзел па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, абласны камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні, Віцебскае абласное ўпраўленне адукацыі, абласная арганізацыя прафсаюза АПК праводзяць ужо ў восьмы раз. З года ў год ён усё больш набірае папулярнасць. Але толькі двум самым таленавітым прадстаўнікам ад кожнага раёна вобласці даецца права прымаць удзел.

Дарэчы, некаторыя з іх не ўпершыню на такім конкурсе. Ёсць і такія, хто ўжо з’яўляецца выдатным хлебаробам як у сваім раёне або сваёй вобласці, так і на рэспубліканскім маштабе. Гэта пераможцы і прызёры рэспубліканскіх “Дажынак”.

Як зазначыў падчас урачыстага адкрыцця спаборніцтваў начальнік аддзела па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашка, конкурс “Лепшы па прафесіі” – яшчэ адна магчымасць з годнасцю ацаніць нялёгкую працу маладых механізатараў, падзяліцца вопытам, замацаваць залаты фонд аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці.

Спаборніцтвы праходзілі ў два этапы. Тэарэтычная частка конкурсу прадугледжвала адказ на сто тэставых заданняў у такіх раздзелах, як усталяванне трактароў, Правілы дарожнага руху, ахова працы, агранамія і г. д. А практычнае заданне ўдзельнікі выконвалі на трактарах МТЗ-1221 (плуг ППО-4-40) і МТЗ-3022 (плуг ППО-8-40), якое таксама складалася з дзвюх частак. Першую, агрэгатаванне, канкурсанты выконвалі на машынным двары Высокскага ліцэя. Ім неабходна было адрэгуляваць плуг і правільна яго ўсталяваць. А пры рабоце на полі кампетэнтнае журы ацэньвала правільнасць і глыбіню ўзворвання.

Аршанскі раён на конкурсе прадставілі механізатары КУСГП “СГЦ “Задняпроўскі” Уладзімір Склязноў і КУСГП “Ударнік” Сяргей Фралоў. У мінулым годзе Уладзімір у гэтых жа спаборніцтвах сярод аратых заняў чацвёртае месца. Узгадвае, што канкурэнцыя была сур’ёзная, але і сёлета шлях да прызавых месцаў аказаўся не менш складаным. Толькі Сяргей і Вова не з тых, хто будзе спыняцца перад цяжкасцямі. Яны рашуча і ўпэўнена ішлі толькі ўперад – і не памыліліся. Ула­дзімір Склязноў стаў трэцім у асабістым заліку сярод аратых, Сяргей Фралоў – трэцім у тэорыі і другім – у агрэгатаванні. У агульнакамандным заліку нашы механізатары занялі трэцяе прызавое месца, за што былі ўзнагароджаны спецыяльным кубкам. Абсалютным пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства стаў прадстаўнік з Шаркаўшчыны Дзмітрый Ліпскі.

Добразычліва, гасцінна Аршаншчына сустрэла маладых механізатараў. Гэта адзначалі самі ўдзельнікі конкурсу, якія на працягу трох дзён не толькі напружана спаборнічалі. Быў у іх час і на адпачынак. Прыемныя хвіліны ім падаравалі маладыя выканаўцы Аршанскага раёна, якія арганізавалі святочную канцэртную праграму.

Настасся ТУРОК.

Добавить комментарий