Вытокi культуры – у народзе

Дваццаць гадоў таму ў Барані быў заснаваны фестываль беларускага мастацтва і фальклору “Баранскія музыкі”. За гэты час у ім прынялі ўдзел сотні фальклорных калектываў як з нашай краіны, так і з бліжняга і далёкага замежжа. Дзякуючы фестывалю шырокі свет “убачылі” народныя песні, танцы, абрады, што сабралі ўдзельнікі фальклорных гуртоў падчас работы з вяскоўцамі і гараджанамі. Яны беражліва захоўвалі багатую спадчыну сваіх продкаў, каб перадаць у надзейныя рукі нашчадкаў.

Сёлета ўдзел у фестывалі прынялі дзесяць прафесійных і аматарскіх калектываў, у тым ліку нашы суседзі з Расійскай Федэрацыі і Украіны. Гледачы, а мерапрыемствы былі прымеркаваны да ўрачыстасцяў з нагоды святкавання дзён заснавання горада Барані і прадпрыемства ААТ “Тэхніка сувязі”, з задавальненнем прынялі ўдзел у фестывалі. Так, менавіта, прынялі, бо залівістыя гукі гармоніка, задзірыстыя прыпеўкі і імклівыя танцавальныя рытмы артыстаў нікога не пакінулі раўнадушным. Ногі самі прытупвалі ў такт музыцы, а душу агортвала гордасць за наш вялікі таленавіты народ. І сапраўды, народнае мастацтва нават стагоддзям непадуладна! Падчас фестывалю яго непасрэдным удзельнікам і гледачам было зусім не важна, які калектыў на сцэне. За доўгі час культуры розных народаў так цесна перапляліся, што сталі блізкімі сэрцу кожнага з нас.

Гасцей з Расіі прадстаўлялі два калектывы – узорны харэаграфічны калектыў “Сударушка” гарадскога Дома культуры Смаленска і народны ансамбль “Карусель” гарадскога Дома культуры горада Рыбінска. Цікавую праграму прывезлі на фестываль і прапагандысты фальклору з Украіны – песенны калектыў “Народная крыніца” і ўзорны ансамбль танца “Вікторыя” з горада Нежына Чарнігаўскай вобласці. Мне ўдалося пагутарыць з удзельнікамі замежных калектываў. Мяркую, чытачам “АГ” таксама будзе цікава даведацца пра творчую дзейнасць фальклорных калектываў нашых суседзяў. Вось што расказала аб сваім харэаграфічным гурце “Сударушка” яго кіраўнік Зоя Жарнікава:

– Мы прыехалі сюды па запрашэнні аддзела культуры вашага горада. Гасцінная Аршанская зямля прымае нас у другі раз: у сакавіку бягучага года мы ўдзельнічалі ў міжнародным конкурсе “Ружа вятроў” і сталі лаўрэатамі конкурсу. Наш калектыў агульным складам 150 чалавек з дзяцей і моладзі ад 4,5 да 20 гадоў мае багатую творчую біяграфію. За 20 гадоў дзейнасці мы сабралі вялікі рэпертуар, які ўжо паказалі на сцэнах Італіі, Францыі, Германіі, Чэхіі, Румыніі, Балгарыі, Польшчы… На рахунку “Сударушак” шматлікія ўзнагароды. З апошніх – гэта прэмія адміністрацыі горада “Лепшы творчы калектыў г. Смаленска”. Апрача вышэйадзначанага, наш калектыў занесены ў кнігу памяці школ Смаленска, узнагароджаны дыпломам Французскай акадэміі мастацтваў “За прафесіяналізм і сяброўства паміж народамі”. Сёлета мы адзначылі 20-гадовы юбілей. З гэтай нагоды адміністрацыя горада Смаленска ўзнагародзіла калектыў паездкай на фестываль “Волга-Волга”. У рамках гастрольнай паездкі мы праехалі па ўсёй матухне-Расіі. Уражанні – неперадавальныя! Вялікую падтрымку калектыў атрымлівае з боку адміністрацыі і аддзела культуры Смаленска, ад дэпутатаў абласной і гарадской думы, а таксама ад багатых людзей. “Баранскія музыкі” – не толькі чарговая сустрэча з народам, калегамі па мастацкай дзейнасці. Выступленне на сцэне – гэта яшчэ і высокі энергетычны стымул для артыстаў.

У адрозненні ад сваёй калегі з Расіі, украінскі госць у нашым краі ўпершыню. Удзельнік калектыву “Народная крыніца” Максім Астапка з горада Нежына ахвотна распавядае пра тое, як гасцінна сустрэ­лі іх на Аршанскай зямлі. Орша і Барань уразілі незвычайнай светлай рэчаіснасцю, чысцінёй і парадкам, агульнай добразычлівасцю і шчырасцю акружаючых. Украінцы, якіх на Аршаншчыне нямала, таксама радасна віталі землякоў. Гурт “Народная крыніца” існуе 40 гадоў. У яго склад уваходзяць навучэнцы вучылішча культуры і мастацтваў Нежына. За гэтыя гады многія выпускнікі ўстановы, былыя ўдзельнікі калектыву, раз’ехаліся па розных кутках краіны, дзе працягваюць займацца народнай творчасцю. Багаты песенны скарб, назапашаны ў калектыве, сёння даносяць да шырокіх народных мас іх пераемнікі. Гэта сям’я педагогаў вучылішча Вольга і Іван Сініцы, яны ж кіраўнікі гурта, а таксама сын Руслан і нявестка Аксана. Максім Астапка працуе ў вучылішчы выкладчыкам і ўжо сем гадоў гастралюе з калектывам. У рэпертуары “Народнай крыніцы” самыя розныя песні народнай тэматыкі: ад аўтэнтычнай пра рэкрута да класічнай казацкай і г.д.

Айчынных удзельнікаў фестывалю “Баранскія музыкі” прадстаўлялі ўжо добра вядомыя аршанскім гледачам калектывы: народны ансамбль народнай музыкі “Сакавінка” ДШМ №3 г. Барані, народны ансамбль народнай музыкі і песні “Крынічанька” ПК Барані, узорны ансамбль народнай музыкі “Пралеска” ДШМ № 3 г. Барані, узорны калектыў танца “Адамант” і ўзорны фальклорны калектыў “Шчодрыкі” ПК Барані, узорны фальклорны калектыў “Сявенька” СШ № 15. Напрыканцы мерапрыемства сцэну запоўнілі мастацкія калектывы, у гэты юбілейны сезон усе яны сталі пераможцамі. Кожны з выступаючых увасабляў у сабе самабытнасць народнага мастацтва, бо што ні асоба – прадстаўнік радавога дрэва, скарбонкі пад назвай фальклорная творчасць. Разам з імі і мы ўсведамляем: вытокі любой культуры бяруць свой пачатак у народзе.

Ліна ГАТОЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Калектывы «Народная крыніца» і «Сударушка» яднае любоў да народнай творчасці.

Добавить комментарий