“Разам працаваць лягчэй”

Так сцвярджаюць тры родныя сястры, маладое звяно аператараў машыннага даення СВК “Роскі Сялец” Алеся Гатоўская, Марына і Ірына Дзярабіны (на здымку). Сярод маладых жывёлаводаў яны адны з лепшых у Віцебскай вобласці. За дзень дзяўчаты надойваюць у сярэднім 700-800 літраў малака вышэйшага гатунку.

Трымаць лідзіруючыя пазіцыі – справа не толькі пачэсная, але і вельмі адказная, разважаюць Алена, Марына і Ірына, бо заўсёды трэба быць на вышыні, ды і патрабаванні да работы адпаведна зусім іншыя.

“У кожнай з нас свая група, у якой налічваецца ў сярэднім па 50 кароў, але мы стараемся не дзяліць іх на сваіх і не сваіх. Калі неабходна, адна адной дапамагаем, напэўна, таму і справы ў нас ідуць хутка”, – расказвае Марына.

Імпэт у рабоце задае старэйшая Ірына. Яна ўжо другі год запар з’яўляецца прызёрам раённых спаборніцтваў сярод маладых жывёлаводаў, які заўсёды арганізоўвае аддзел па справах моладзі, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, Аршанская раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Не адстаюць у рабоце Алеся з Марынай. Па апошніх паказчыках яны ўжо і абганяюць Ірыну. Але саперніцтва сярод сясцёр – толькі на паперах. У астатнім паміж імі сяброўскія, добразычлівыя адносіны. Двое з іх, Марына і Алеся, нават жывуць па суседстве, у новых камфартабельных доміках, якія ім выдаткавалі ў мясцовым СВК вясной гэтага года. Тры сястры гадуюць дзетак, трымаюць хатнюю жывёлу, ёсць і прысядзібныя ўчасткі, на якіх вырошчваюць садавіну і гародніну. “Вясковыя ўмовы жыцця сёння нічым не горшыя за гарадскія, – параўноўвае Алеся Гатоўская. – Калі не ляніцца, будзе ўсё: мяса, малако і розныя прысмакі. А мы пастараемся не збаўляць сваіх пазіцый па надоях малака, каб яшчэ больш цвёрда замацавацца ў пераможцах”.

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий