Цёплыя коўдры для сяльчан

У аддзяленнях Аршанскага раённага вузла паштовай сувязі Віцебскага філіяла РУП “Белпошта” заўсёды клапоцяцца аб пашырэнні асартыменту прамысловых тавараў, якія рэалізуюцца насельніцтву.

Вось і два гады таму на гандлёвых паліцах паштавікоў побач са шматлікімі таварамі першай неабходнасці з’явіліся цёплыя, мяккія і прыгожыя коўдры, вырабляемыя на Аршанскім ЧУП “Ніць” ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па слыху”. Новы тавар асабліва спадабаўся жыхарам Аршанскага раёна, ён апынуўся, што называецца, у патрэбным месцы ў патрэбны час. Напрыклад, у в. Стайкі за адзін месяц сяльчане купілі адразу 40 штук.

– Добрым попытам гэты тавар карыстаецца і ў жыхароў нашага пасёлка, – расказвае начальнік аддзялення паштовай сувязі а/г Бабінічы Ала Паверава (на здымку). Коўдры якасна пашытыя, даступныя па цане, ды і набываць зручна вялізныя па аб’ёме пакупкі побач з домам.

Ала Генадзьеўна добра ведае патрэбы сваіх землякоў, бо працуе на пошце 12 гадоў. Многія наведвальнікі ідуць сюды не толькі за паштовымі паслугамі, але і як у магазін – за пакупкамі.

Цікава, што ў мінулым годзе па прыкладзе аршанскіх паштавікоў коўдрамі з гандлёвай маркай ЧУП “Ніць” сталі гандля­ваць таксама і ва ўсіх паштовых аддзяленнях Віцебскай вобласці. А сёлета дагавор з прадпрыемствам аб пастаўках гэтага тавару заключыла РУП “Белпошта”. Аршанскія коўдры з дапамогай паштавікоў набудуць жыхары ўсёй рэспублікі.

Людміла Маршаловіч.

Фота аўтара.

Добавить комментарий